Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/172

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Так, бач, молатам… А думала, можа пяром, часамі?

— Ёсьць тыя, што і пяром, а мы молатам.

— Ды ўжо-ж, радзіліся для працы: каму пры зямлі з сахою, каму з молатам пры кавадле. А каму — гатовае.

— Выб’ем з рук, няпраўда…

— Ня баўся, сынок, — тым-жа тонам, што і першы раз, праказала Сёмкава маці і схавалася за дзьвярыма.

— Трэба паехаць пазябліць ганкі-другія, ды ўкасіць разам з тым бярэмяйка травы… Ну, што-ж, зьбіраешся, Рыгор?

— Пара. Даволі гуляць — молат з напільнікам чакаюць.

— Або не пачакаюць яшчэ які тыдзень?

— Не магу бяз працы. Нябось сам і хвіліны не перадасі на гульню…

— Наша справа няроўня вашай… Так, давай праедамся ў палетак.

— Чаго?

— Сустрэнам Зосю.

— Дзе?

— У Лужкох. Нядаўна паехала, таксама, зябліць…

— Можа-б пазьней?

— Маці гоніць…

— Зараз не магу… Прызнацца, яшчэ ня сьнедаў, нават. Пасьля.

— Прыходзь — табе-ж аднака прагульвацца, ці ў Хвойнік, ці ў Лужкі.

— А што думаеш…

— Сапраўды.

— Перайду да хаты…

Рыгор павярнуўся і вышаў з двару. За ім панясьліся адноўленыя ўдары малатка. Але ён не дайшоў да свайго двару, як бразг сьціх. На вуліцы заўважна паспакайнела.

У двары ўвіхалася з вязкаю дроў маці.

— Вы ізноў з дрывамі?

Маці азірнулася. Запацелы твар выказваў балючую ўтому. На хударлявых скронях чарнелі сьляды сьлёзных рагаў. Асавелыя вочы тупа глядзелі на Рыгора.

— Трэба, сынку. Каня ня маю, на чым прывязьці. А вазок дроў каштуе пяць рублёў.

— Ну, насіць-жа на плячох болей вярсты…