Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/166

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЧАСТКА СЁМАЯ



I

МЕСЯЦ ПРАМІНУЎ, як дзень: азіраючыся назад, Рыгор падводзіў вынікі гэтаму часу свайго адпачынку. Ён памятаў, якім узьнятым настроем варочаўся з заводзкае канторы на кватэру з адпускным пасьведчаньнем. Многа розных думак перабегла ў яго галаве, шмат невыразных чаканьняў займала яго праз усю дарогу. Рыгор маляваў сабе мястэчка водлуг ранейшых сваіх уражаньняў і перажываньняў. Здалёк, будучы ў горадзе, у зусім інакшых абставінах, ён заўважаў, як гэтыя абставіны выціскалі з яго ранейшыя настроі і сувязь з местачковымі ўмовамі жыцьця, з яго вузкім колам інтарэсаў, з абмежаванымі магчымасьцямі ў справе революцыйнай чыннасьці. Рыга адчыніла перад ім шырокі вагромністы небасхіл, увёўшы яго ў блізкае яму рабочае асяродзьдзе. Ён хутка асвоіўся з новымі абставінамі фабрычнага жыцьця, прасякся агульнымі настроямі рабочых гушчаў, адчуў выразную цягу да цеснае злукі, да поўнага зьліцьця з працоўным колектывам. Грукат машын у заводзе, гудкі на працу і штодзеннае наведваньне з сотнямі таварышоў буйнага заводу, астаўленьне яго пасьля працы, калі сталёвымі грамадамі рабочых укрываліся вуліцы гарадзкіх ваколіц — усё гэта ператварала з Рыгора найміта-падзеншчыка, зьвязанага з мястэчкам, у Рыгора індустрыяльнага рабочага, у адзінку цеснага шчыльнага колектыву працоўнай арміі. Лёгкая усвойнасьць сьлясарскае работы таксама спрыяла гэтаму. У Рыгора лёгка адмерлі ўсякія жаданьні вярнуцца жыць у мястэчка. Не, ён пра гэта ня думаў і не дапускаў сабе гэтага. Але, едучы да мацеры, ён цікавіўся паглядзець, азнаёміцца з Сілцамі, у якіх прайшло яго дзіцяцтва і юнацтва, з якімі былі зьвязаны першыя афармленьні яго поглядаў і дзе яшчэ аставаліся блізкія таварышы. Не пакідаў Рыгор думак і пра Зосю, якая першай дзяўчынай зараніла ў яго нутро пачуцьцё каханьня. Праўда, выяжджаючы з Сілцоў, ён адчуваў сваю цягу