Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/167

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

да Зосі куды вастрэй, як то было ў час намеру прыехаць на пабыўку. Але апошнія два гады жыцьця у Рызе пакуль не маглі спаражаваць яго любові да Сілцоўскае мяшчанкі-дзедзічкі. Рыгор не хацеў раней аналізаваць прычыны свайго зацягненьня Зосяю, не крытыкаваў сваіх да яе адносін. І толькі стрэўшы яе ў першы дзень прыезду ў Сілцы, пачуў, што справа каханьня да Зосі ня такая непахісная рэч, каб бяз яе ня можна было абыйсьціся. Свой погляд на Зосю ён грунтоўна пракрытыкаваў пасьля гутаркі з ёю. І ужо перад Рыгорам Мікалаішка выглядала іншаю, як уперад. З пачуцьця любові пачалі вытыркаць вышэйшыя моманты ацэнкі яе, як чалавека… таго чалавека, з якога можна-б было атрымаць карысьць для революцыйнага руху, для змаганьня за вызваленьне працоўных. Той факт, што Зося доўгі час мела ў сабе цягу да таварышкаваньня з Сілцоўскімі дэмократамі, сьведчыў за гэта. Рыгор ня мог ня верыць Зосіным жаданьню і намерам не падавацца бацькавай волі, а змагацца з іх мяшчанска-дзедзіцкім узьдзеяньнем на яе. Ён бачыў Зосіны непрыхільныя адносіны да Берагоў, наглядаў патугі да супраціўленьня замахам на яе. Гэтыя Зосіны уласьцівасьці расцэньваліся Рыгорам, як магчымасьць не папусьціць дзяўчыну засмактацца местачковай багнай. Аднак час паказваў іншае. Берагавы сваты казалі за тое, што Зося ня мае сілы парваць прыгатаваныя для яе сеткі. Ня трэба было і завярэньняў Сёмкі пра Зосіну неустойлівасьць, лішнімі аставаліся і спробы Зосі выбачацца перад Рыгорам. Здарэньні не маглі нават падняць буры ў шклянцы вады. Тым ня меней Рыгору хацелася да ад’езду ўбачыцца з Зосяю. Аставаліся лічаныя дні яго пабыўкі, а далей — хто мог запэўніць, што ён мецьме выпадак яшчэ раз наведаць Сілцы? А калі-б такі выпадак і здарыўся, то што адбудзецца за гэты прамежак часу з кожным з яго знаёмых, у тым ліку і з Зосяй?

Ідучы ранкам у лес, ці выходзячы ў палеткі, Рыгор не раставаўся з жаданьнем напаткаць Зосю і пагутарыць з ёю на чыстую. Але выпадкі не трапляліся. Яксьці адбывалася так, што Волька і Гэля даволі часта сустракаліся з ім, а Зося… Праўда, яе таварышкі паведамлялі Рыгора, што да Прыдатных амаль ня штодня наведвае Васіль. Абы пачало зьмяркацца, як ён і паўзе з-за гары… І, чамусьці, Зося годзіцца з яго прыходам, не пакідаючы хаты. Са слоў Волькі можна было заключыць аб неадабрэньні Зосіных паводзін яе таварышкамі. Гэтыя апошнія папікалі яе ў кутнасьці, у надмернай пакорлівасьці бацьком, нават, у абабле-