Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/162

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

пееш на загончыках ды ашматках… Я разумею, каб гэта таго поля, ну, дзесянцін з дзесятак, валоку якую, а то э-э-х!.. Ні богу сьвечка, ні чорту качарэшка, як тая пагаворка кажа. Ты, Рыгор, шчасьліў, памойму. Сяк-так, урыўкамі, пазнаёміўся з сьлясаркаю і цяпер, глядзі, ужо апынуўся у майстрох. Молат, абцугі, напільнік узяў у кішэню і паехаў… Як птушка пяро… А калі і гэтых прыладаў ня маеш, то не бяда: кожны завод табе іх нарыхтуе — бяры… Але ніякі чорт лысы цябе не прыкуе да аднаго месца. Не-э дармо! А мне ужо… ах, вось і зараз трэба бегчы да хаты… Зусім забыў — каб ты спрахла, каб ты! — што трэба было плуг падрапараваць… Ах!.. А то заўтра раніцаю… прыдзецца прасіць у каго… Так, твая справа, Рыгор…

— Не кажы, Сёмка… Мала чым выграў і Рыгор. Вось, глядзі, вандруй па сьвеце і развозь сілу. Як той прадавец, прынамсі… Што-ж у яго, у Рыгора, бач, ёсьць? Толькі голыя рукі, якіх часта ніхто ня хоча выкарыстаць. Так, так… Паглядзі на мяне… Добра, калі за лета месяцаў паўтара паходзіш у заработкі, а то… сядзіш. Дроў вязачку прынясеш, калі яшчэ падсілкуешся, а не… нічога-ж свайго няма; кожнае каліўца купі — ад хлеба да запалак, ад…

— Пераменіцца, маці, нічога…

— Пераменіцца? Ды каб-жа яно хутчэй… Але… прабавалі, вунь, у пятым годзе і што вышла? Бачыце, парасьпіхалі людзей няма ведама куды і што, а воз і цяпер тамака.

— Пераедзе на іншае месца…

Стэпа ўтулілася ў акно і з хвіліну разглядала панадворак.

— Хвароба іх ведае, бойся і сказаць што праўдзівае. Сабакі гэты, стражнікі, нябось, соўгаюцца па падвоканьню. Вунь і надовечы, казалі, бачылі іх пераадзетымі на нашай вуліцы.

Хлопцы сабраліся выходзіць.

— Хіба-ж і ты, Рыгор, ідзеш? — запытала Рыгора маці.

— Правяду Сёмку…

— Няхай-бы пасядзелі крыху ў нас.

— Трэба, цётка, іці спаць. Заўтра, толькі пачне сьвітаць…

Яны вышлі на вуліцу і толькі павярнулі ў бок Сёмкавай хаты, як іх пераняў Пятрусь.

— Куды-ы?

— Я — да хаты.

— А я да цябе, — дадаў Рыгор.

— Сапраўды?