Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/153

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Яна скончыла абед і вышла ў двор. У дварэ, за плотам гароду стаяў новы панарад, на яком ўжо быў паложаны плуг. Зося адцягла панарад на сярэдзіну двара і пашла за канём. Праз некалькі хвілін яна пакінула хату.

Зося на полі прабыла чуць не да самага цёмнага: ня то, каб у яе было столькі работы (яна мела пазябліць двое-трое ганоў папару), але ёй захацелася правясьці чымсь найболей часу адной. Работу яна скончыла ў тры-чатыры гадзіны, а весь апошні час праляжала на паплаўку, выпрагшы каня з плуга і пусьціўшы яго пасьвіцца. Цёпленькі дробны дожджык ні каліва ня мяшаў ёй ляжаць у тонкай картуновай кашульцы пад пакрытым дзяругаю нарадам. Зося ляжала і, паглядаючы на неба, цешылася прабегваючымі па ім хмаркамі, любавалася раптам выбліснуўшаю вясёлкаю.

Няжадана для самое сябе пракралася сьмелая думка: «а што-б, каб гэта а напраўду ўзяць ды ўцячы ад бацькоў і паехаць з Рыгорам у горад?» За гэтай думкай перад ёю паўстала здань невядомага ёй вагромністага гораду з вычварнымі вобразамі яго будынкаў, пляцоў, фабрычных каміноў. Забегалі тысячы нябачаных ніколі людзей, машын. Ад гораду думка лёгка перакінулася да Рыгора: паняслася перш ў Хвойнік, к таму месцу, дзе яны былі з ім, адтуль памчалася ў яго хату; потым вярнулася ізноў на поле, к ёй, нічога не нашоўшы і нічога не сказаўшы, толькі пасеяўшы ў яе нутры гарачыя, нястрыманыя жаданьні як-кольвек яшчэ раз угледзіцца з ім і доўга-доўга гаманіць. Але толькі Зося абмалявала ў сваім уражаньні ўсю прыемнасьць стрэчы, як перад яе вачыма раптоўна вырасла ў нешта дзікае і адваротнае ўчарайшае здарэньне са сватамі. Васіль, Хлёр, Янка. Сярдзіты і няўпрошаны бацька, радасная, неўгамонная маці і вясёлая бесклапотная Тэкля… Сваты, гарэлка, гутарка — торжышча перад яе вачыма за яе істоту, зусім няпрошаныя ёю, жычэньні шчасьця і долі… а далей… ой, далей — намаганьні Хлёра да пацалункаў, выгавар ёй і бацькам за адмаўленьне ёю гэтага; надаедлівае прыставаньне Васіля… Нарэшце, удары аб рукі, умаўленьні на лад і намёкі пра згоду выпхнуць яе з хаты, зьвязаўшы яе долю з агіднымі Берагамі... Усё гэта, сплыўшыся ў адну пляну, зацягнула яе небасхіл ды пачало прыціскаць яе к зямлі. Зосі зрабілася млосна, нецярпліва. І Рыгор выяўляўся зусім інакшым ад таго, якім яна яго стрэціла анэгды. «Можа ён і гаварыць ужо не захоча са мною, можа й ня гляне на мяне…