Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/154

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Можа і не паверыць, што я зусім нявіноўна… О, траха што не павера!»

І Зося стуліла голаў, заплюшчыла вочы, заткнула вушы і доўга-доўга так ляжала. Толькі лёскат калёс праяжджаючага па сьценцы чалавека заставіў яе падняцца і агледзіцца.

Ужо зьмяркала і пара было зьбірацца да хаты. Яна злавіла каня і сьпешна запрагла, але ехаць-ехала павольна, мяркуючы быць дома поцёмкам.

«Сёньні я на вуліцу ня выйду», рашыла яна дарогаю.

Так і зрабіла.


III

— А Я СКАЖУ ПА ПРАЎДЗЕ: з такімі людзьмі, як Прыдатныя, заўсёды можна ладзіць. Я ніколі ня думаў, каб яны абое, як Мікалай, так і Марта, былі гэткімі простымі, адкрытымі і разумнымі людзьмі. А то-ж яно так. Пацеха — і годзі! Толкам растлумачаць табе кожнае слова — растаеш перад імі. О, галубка, ах, Тадоська, маючы гэткіх сватоў, няма чаго казаць, што не па сваёй столцы мы папалі. Мне, дурному, здаецца, што Прыдатныя на ўсём мястэчку толькі нас адных і паважаюць, толькі і лічуць нас адных за людзей. Вось ведай, Тадося, і яны за сё ў нашых вачах павінны быць паважанымі. Такія ўжо ўмовы — фундамамт да харошых спраў. А, Хлёрка!.. а, Васілька!.. на цыпачках ходзяць перад табою. На што Янка чужы, а і да Янкі — пёрайком. Я сьпярша, калі ішоў, думаў: а вось — неўспадзеўкі мы ўрынемся ў хату, а яны і не чакалі нас. Ажно зусім іначай…

Хлёр сплюнуў і пагладзіў бараду.

— Паверыш, з самага ранку былі нагатове: усё было прыбрана, прыпасена. А прыйшлі — ага-а, сваточкі, аг-а-а, даражэ-ынь-кія. А дзе-ж вашы жаначкі-і… А дзе-ж Тадося, а дзе Алеся… — «Прыдуць, кажам, пасьля». І думаю я: а трэба было, надзіва, і вас пазваць.

— Ды няхай, убачым на гэты раз, — перабіла Тадося, стаючы перад Хлёрам у лісьлівай сьмірэннай позе.

— Не кажы, трэба было… Але, хто-ж тое мог ведаць, ці думаць, нават, што так выйдзе. Вышла-ж як лепш ня трэба, і, глаўнае, зусім неспадзявана ўсё. — Табе, брат, Васіль, — павярнуўся Хлёр к нябогу, які сядзеў на ўслон, між мацераю і дзядзькам,