Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/152

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

церы, яна нявыразна адказвала, а то ўсё маўчала. Бацькі бачылі гэта, толькі не хацелі прыставаць дапэўняцца, што з ёю, і, прыпісваючы ўсё фанабэрыі, прапускалі паміж вушэй. Ня гэткай цярплівай была Тэкля: чымсь упарцей Зося маўчала, тым наглей яна навярэнджвалася гаманіць з ёю. Але Зося ні словам не абмаўлялася: спушчала нават сваёй сястрыцы поскубы яе за рукаў, падвільваньні і дзіцячыя надазойлівыя жарты.

У Зосінай галаве грудзіліся чорныя, густыя, як гразь і клейкія, як гліна, думкі; расьпіралі сабою балючую голаў, разганялі па ўсёй істоце адваротны цёк нейкіх тупасьці, бясьцікаўнасьці і аднакавасьці к ўсяму, што вакол яе. Калі бацькі пазвалі яе сьнедаць, яна наадрэз адказалася і нават не захацела ўвайсьці ў хату. Зося не патурала і ўгаворам Тэклі. Як не хацелася нічога, так не хацелася і есьці. Ёй было ўсёроўна.

Так мінула паўдня, і калі падыйшоў абед, яна зьвярнулася да мацеры:

— Дайце мне чаго зьесьці.

Марта была не ў сабе і маўчліва падала ёй вынутай з печы цёплай стравы. Запахла смашным, прыемным пахам. Зося ляніва прысела за стол і пачала есьці…

А ў гэты час Марта нязьмігутна сачыла за дачкою, нырпалючыся па запечку. К ёй напрошвалася пытаньне, ці здарова хаця яе Зоська, і засявала пужлівыя гадкі. Але, помеж з гэтым, ня тухла ў ёй і ўпартасьць правучыць дачку. «Хай-жа сабе пакапрызіцца, паўпіраецца троха… Няпраўда, здаволіцца, надаесьць… А пасьля… пасьля такою мяккаю зробіцца, што пагнеш ва ўсе бакі… І чаго, бок, дурніца, ушалопала сабе, ліха ведае што! Не, гэта, бач, адна ўпартасьць тая нямерная… Вось, што знача, калі чалавек мала адукацыі жыцьцёвае мае. А-яй-ай, як я падумаю сабе, які цяпер сьвет стаў цэрэмонны! Гэта-ж… Не, нельга зьмірыцца!» судзіла сама з сабою Марта, скоса пазіраючы на дачку.

Гэта самае Марта некалькі раз пераказвала і Міколу, седзячы за сьнеданьнем; пераказвала і другой дачцэ, Тэклячцы, якая ішла ў яе… Пераказвала дзяўчынцы з вялікай ахвотай, бо бачыла, што тая пільна яе, маці, слухае.

Праз Тэклю Марта перадала Зосі вяленьне ехаць зябліць папар. Але гэта не прынялося Зосяю за крыўду. Наадварот, выезд у поле даваў ёй магчымасьць разьвеець надазойлівыя думкі і цяжкае адчуваньне.