Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/150

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Сход разышоўся ня разам, а парамі і тройкамі. Рыгор пакінуў Калесаву хату разам з Сёмкам ды Пятрусём.

Праведзены сход пакінуў на ім выразны адбітак задаваленьня. Ён не спадзяваўся, едучы ў Сілцы, што ў мястэчку захаваліся ажно дагэтуль падобныя напатканым рэволюцыйныя работнікі. Часы чорнае рэакцыі, балюча адбітыя на становішчы даволі моцнай раней сілцоўскае організацыі, усё-ж канчаткова не зьліквідавалі соцыялістычнага руху сярод сілцоўскай моладзі. І калі організацыйная сувязь цярпела ад недасканалай наладжанасьці, то якасны ўзровень уцалеўшых работнікаў шчасьліва абмінуў і поліцэйскія рэпрэсіі і ўплыў літаратурнага дэкадансу, страціўшы вялікую колькасьць меней устойлівых сяброў організацыі. Паведамленьне, зробленае Іцкам Калесам пра надыходзячую забастоўку гарбароў, асабліва моцна кранула Рыгора. Яму выразна прадставілася грандыёзная карціна шырокаразгорнутага наступу рабочых на ўмацаваньні зусім не забясьпечанага на вечнае панаваньне самадзяржаўя. Наяўнасьць соцыялістычнага руху і рабочых выступленыняў у Сілцох і, чаго дзіўней, у вёсках, як выявілася на сходзе, было знаменацельным. Мястэчка ў яго набывала іншых адносін, якія маглі затрымаць часта ўспыхваўшыя ў Рыгора жаданьні як найхутчэй з ім растацца… У огуле, Рыгорам апанаваў бадзёры, ваяўнічы настрой, у якім патанулі нядаўна хваляваўшыя яго пытаньні.

— Ну, як мая інформацыя? — пацікавіўся Рыгор, калі яны прайшлі ў сваю вуліцу.

— Дужа цікавая… Ты наглядаў мо’, з якою ўвагаю мы цябе слухалі?..

— Да шкоды я не захапіў усіх матэрыялаў… Аднак… вы маеце, хлопцы, на вошта аперціся. Я не чакаў…

— Ды яшчэ чалавек з дваццатак добрых хлопцаў набярэцца… А сёе-тое і вёскі прыбавяць.

У далейшым абгаворы выплываўшых з праведзенага сходу пытаньняў, яны параўняліся з Сёмкавай хатай. І толькі намерыліся вырашыць, як быць, ці разыходзіцца па хатах, ці яшчэ зрабіць праходку да Ліня, калі пачулі гучны стук ні то калком па дошцы, ні то каменем у дах.

— Што за цуды! — праказаў Сёмка.

— Прабяжы ўдасканалься!

— Давай у двух.