Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/149

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

грузчыкаў… І, майце на увазе, таварышы, адно цікавейшае зьявішча, што ўсімі памянёнымі выступленьнямі кіруюць соцыял-дэмократы. Нанесеныя правіцельствам раны ужо зажываюцца і рэволюцыйна-соцыялістычны рух у Рызе набывае новага развою. Можаце судзіць аб яго росьце хоць-бы па аднаму таму, што наш завод налічае у соцыял-демократычнай організацыі да сотні чалавек… Так што будзьце упэўнены, наперадзе ў вас знаходзіцца магутны атрад перадавых рабочых… Часы рэакцыі мінаюць і над краінаю зьбіраецца новая рэволюцыйная граза… Вось чаму і ў вашых умовах трэба напружыць усе сілы да організацыі як местачковых рабочых, гэтак і сялянства… Горад чакае падмогі ад вёскі, рабочыя — ад сялян. Няхай жыве рэволюцыя!»

Рыгоравы словы сход правёў ціхімі, але баявымі воплескамі. Гэта маніфэстацыя рэволюцыйнага пачуцьця напалохала Іцкавых бацькоў, якія разам апынуліся пры дзьверах і пагражальна застукалі кулакамі.

Іцка выбег с пакою і вярнуўся з угаворам сядзець цішэй, бо ужо бацька заняты з вучнямі. Дзеці настарожліва слухаюць, што робіцца за сьценкаю і адцягаюцца ад вучэньня.

У пакоі заўважна пацішэла і запытаньні да Рыгора пераказваліся паўшэптам. Як і трэба было чакаць, што інформацыя гостра зацікавіла сабраных на сход, і Рыгору многа прышлося гаварыць, каб задаволіць зацікаўленых рыскімі падзеямі з рабочага жыцьця. Рыга вырасла ў выабражэньні маладых сілцоўцаў у завіднае і прывабнае мейсца, куды паляцелі іх жаданьні і думкі. Усе не маглі захаваць у сябе вырасшай завіды Рыгору, які дайшоў да таго, каб стаць прадстаўніком вялікага рабочага колектыву, каб зрабіцца трубкаю магутнае машыны… Ведаўшыя яго да паездкі ў Рыгу, як Пятрусь, Сёмка ды іншыя, дзівіліся таму росту Рыгоравай політычнай сьвядомасьці, што яму надаў горад. Скрозь роздумаў над ідучымі падзеямі, не адзін з прысутных кранаў плянаў перабраньня з Сілцоў у той ці іншы прамысловы цэнтр. Многія прасілі Рыгора парадзіць ім у гэтым. Уражаньні ад пачутага з Рыгоравай інформацыі занялі шмат часу і бягучыя пытаньні захапіла адзінаццатая гадзіна. Але позьні час не палохаў ніводнага ўдзельніка сходу. Іх цікавасьць не аслабла да канца абгавору пастаўленых на павестку пытаньняў. Бадай іх выплыла-б і яшчэ, каб можна было бескантрольна распараджацца памяшканьнем. Ды гэтаму памяшалі Іцкавы бацькі, якія папрасілі сына выправіць гасьцей.