Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/148

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У хаце, у бакавым маленькім пакоіку яны засталі па пятнаццаці чалавек хлопцаў і дзяўчат. Быў ужо з імі і Семка.

— Позьніцеся. Ужо Іцкаў бацька адчыняе курсы, — сустрэў іх Сёмка.

— Нічога, мы бацьку не паперашкодзім, — запэўніў Іцка.

Тым ня меней было рэшана пачаць сход. Старшынство адназгодна перадалі Пятрусю, які не адкладаючы, прачытаў намечанаю раней павестку сходу.

У павестцы значыліся наступныя пытаньні: становішча ў Сілцоўскай організацый с.-д., перадстаячая забастоўка гарбароў, інформацыя т. Нязвычнага і бягучыя справы. Па першаму пытаньню ўзяў слова Пятрусь. Ён у сьціслых формах асьвяціў палажэньне ў організацыі, стан яе працы і пэрспэктывы на бліжэйшы час. Пятрусёвы вывады ня выклікалі аспрэчваньня і, пасьля некаторых дробных заўваг і дадаткаў былі прыняты поўнасьцю. Яшчэ меньш заўваг прышлося зрабіць па другому пытаньню, каторае на гэты раз выносілася ў тройчы. Згодна характарыстыцы Іцкі — справа з падгатоўкай да забастоўкі разьвівалася нормальна і спрыяльна для гарбароў. Толькі адзначаліся рэдкія перабоі ва ўзносе паасобнымі таварышамі адлічэньняў у забастовачны фонд…

«Трэба сказаць, — пахваліўся Іцка: — што гаспадары на сур’ёз занепакоіліся нашаю рашучасьцю змагацца. І ходзяць чуткі, нават і досыць упартыя, што Евель Шмуклер намераны не дапусьціць у сябе абвяшчэньня забастоўкі. Гэта нас абавязвае яшчэ з большай настойнасьцю дамагацца сваіх патрабаваньняў. Патрэбна правясьці паўторны сход рабочых, каб ня даць аслабіцца ўвазе да шчыльнай організаванасьці ў падыходзячай клясавай бойцы».

Паведамленьне Іцкі падняло настрой сабраных, і калі Рыгор пачаў рабіць інформацыю, яго слухалі з напруджанай ўвагаю. «Рыга, таварышы, — казаў ён: — зьўляецца вялікім рабочым асяродкам і буйным рэволюцыйным цэнтрам. І тыя здарэньні, што насьпяваюць у гушчы рыскіх рабочых, мецьмуць вагромністае, усерасійскае значэньне. А гэтыя здарэньні ня звычайныя, тым болей, што яны адчыняюць новую паласу ў разьвіцьці рэволюцыйнага руху. Пасьля некаторага перапынку, зьвязанага з развоем рэакцыі, рабочая кляса вяртаецца да новых боек, каторыя будуць рашаючымі. Я выяжджаў з Рыгі, калі ішла сьпешная падгатоўка да забастоўкі на машынабудаўнічым заводзе… Рад буйных пякарняў ужо баставалі… Адбывалася бурнае хваляваньне