Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/147

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ёмстваў, удзел у заводзкіх сходах і ў сходах соцыял-демократычных гурткоў, насьпяваючыя конфлікты ў галіне экономічных адносін. На бледным фоне местачковай штодзеннасьці праявы рыскага рабочага жыцьця выступалі багатымі, яскравымі прасьветамі. Бязумоўна, што добра апісаныя і пераданыя яны пакінуць на слухачоў глубокае ўражаньне і паднімуць іх настрой. Толькі-б удалося Пятрусю наладзіць сход…

Вакол гэтага пытаньня праз увесь дзень вярцеліся Рыгоравы думкі. З імі ён хадзіў у лес і ў жытнія палеткі, з імі некалькі разоў прымаўся за працяг чытаньня Горкаўскіх твораў. І адвячоркам, апынуўшыся ізноў у хаце, ён з няцерпам чакаў Пятруся. Але ужо пачало зьмяркацца і нават маці вярнулася з работы, а Пятрусь не зьяўляўся. Рыгор нарыхтаваўся самому пайсьці да яго, калі той засопшыся ўбег у хату і стаў падганяць Рыгора сьпяшыць, бо ўжо яго чакаюць. З гутаркі выявілася, што запозьненасьць у скліканьні сходу атрымалася ад таго, што доўга не удавалася адшукаць падыходзячай хаты. Перш назначана было ў Хаіма Калеса, пасьля перанясьлі да Іцкі Хрома.

— Ну, а Сёмку паклічаш? — упэўніўся Рыгор, калі яны вышлі на вуліцу.

— Я ўжо яму паведаміў…

— Калі?

— Нашоў час, не клапаціся.

Яны вышлі на Жукаву вуліцу, каб абагнуць рынак і вакольным шляхам спусьціцца на Лог. Якраз быў час адыходу суботы, і вуліца кішэла людзьмі. Вярнуўшыся з лесу, моладзь аддавала звычайную павіннасьць рабочай біржы.

— Тут павінны быць і некаторыя з нашых, — заўважыў Пятрусь.

Аднак яны прайшлі ўсю вуліцу і нікога патрэбнага ім не напаткалі. Было ясна, што ўсе апаведамлёныя знаходзіліся на месцы. Гэта заставіла іх скараціць шлях, павярнуўшы наўскасяк праз школішча.

Калі яны апынуліся на ўзгорку, за спускам з якога, прытуліўшыся да плоту, стаяла некалькі старэнькіх хатак, то Пятрусь паказаў на адну з іх і прамовіў:

— Здаецца нікога ня відаць… Давай абыдам з права і зайдам з другога канца.

З-за белых занавесак у вокнах нікога не заўважалася, але толькі яны ўвайшлі ў сенцы, як пачулі ажыўленую гутарку.