Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/138

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Яго словы пачулі ўсе і, як адзін, азірнуліся на хату. Адсутнасьць Зосі, пра якую ўсе забылі, зараз ставіла ўсіх у няёмкасьць. Кожны ў думках пытаў сябе: «а дзе-ж Зося?» Але адказваць не давялося, бо якраз адчыніліся дзьверы і Зося ўвайшла ў хату.

— Зося, Зоська, хадзі сюды! — абярнуўся да яе Хлёр. — Дзе-ж ты ходзіш? Хіба мы табе ня любы?

— Ды не, яна сёньні рана прачнулася і мусібыць спаць захацела, — адказала Марта.

Зосі-ж, быццам, гэтага і трэ’ было: усё тое, што залягала ў яе на сэрцы, не давала паварушыцца языку; а вусны не выпускалі слоў. Як загіпназаванная, села яна пры ложку і маўчліва сядзела. Ні ўходы за ёю мацеры, ні разувага бацькі, ні жартлівая гутарка Хлёра, ні цёплыя словы Васіля — нічога ня кратала яе і ня мела жаднага ўплыву. Зосіны паводзіны былі капляю дзёгцю ў бочку мёду.

Тым часам на дварэ ўжо падыходзіла к поўначы…

Але на вуліцы адчувалася шумлівае ажыўленьне. Сваты выклікалі шырокую зацікаўленасьць і каля хаты Прыдатных таўклося шмат сілцоўцаў, ня толькі моладзі, а і пажылых. Вакол здарэньня ішлі рознастайныя гутаркі і перасуды. Ім’і Зосі, Васіля і Рыгора скланяліся на ўсе лады, абгаворваліся з усіх бакоў. Чуліся спачуваньні аб Зосі, якой «няма ведама за вошта ўхапіцца». Васілёва заможнасьць ставілася на высокую ступню, як моцная перавага над Рыгорам. Тым ня меней і за Рыгора раздавалася многа галасоў. Узважыўшы, можна было сьмела сказаць, што за Нязвычным аставалася амаль ня цалкам сымпатыя ўсёй моладзі. Рыгор браў сваім знадворным выглядам, сваім палажэньнем гарадзкога чалавека і тымі якасьцямі таварыша і сябра, якія адчуваў кожны, хто-б з ім ня меў тых, або іншых адносін. Не ставала аднаго — гэта матэрыяльнае базы. Уласьніцкая нотка прабівалася амаль ня ў кожнае жанчыны, якая не пашкадавала часу, каб прыці пасудзіць з суседкамі пад хату Прыдатных. Гэта зычэла будзёншчынай, сухім дзяляцтвам, але мела пад сабою грунт у абставінах местачковага жыцьця. На Нязвычных глядзелі, як на брукавых людзей, ня зьвязаных ні з зямлёю, ні з рамяством. Найміцтва Рыгора з раньніх гадоў і пабіраньне Стэпы трапунковаю паддзёншчынай былі вядомы усяму мястэчку. Пры гэтым Нязвычныя ня мелі жаднай родавай сувязі, а аставаліся адны, як бяспрытульныя. Зразумела, што Рыгорава паездка ў горад і