Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/137

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

прымеце… О, яшчэ якая лахва! А што ён якраз падыходзіць да мае дачкі — то і казаць нечага. Толькі, сваце…

— Што, што, што «толькі»? — перабіў Хлёр, — ты ня мей ў навыку «толькі» адгаворвацца, а то гэтыя «толькі» рвуцца на столкі. Чаму-ж? Калі мелі Васіля ў вачу, чаго адвільвацца? Хіба мо’ наадварот кажаш? Мо’ думаеш адно, а гаворыш другое — тады, вядома, рэч іншая. Я буду ведаць, як адказаць.

Хлёр нацягаў сур’ёзную міну.

— Што-ж! Папрашу выбачыць за лішні клопат і… за дзьверы…

Сказаўшы гэта ён весела расьсьмяяўся. Мікола яму памог сваім сьмехам. Абодва зразумелі адзін другога і былі вельмі рады, што справа бярэ добры наварот.

Марта ня ўпільнавала, з чаго пачалася гутарка ў Хлёра з яе мужам, бо сама яна была занята з хлопцамі: з Васілём ды Янкам. Але калі вясёлы сьмех Хлёра заглушыў усё, яна барджэй пакінула хлопцаў і абярнулася к мужчынам.

— Што, што, што! Што думае рабіць Мікола? — запытала яна Хлёра.

— Рабіць то нічога ня думае, але нешта вожыкам узірацца пачынае на нас.

— Як гэта? Што, сват, гэтым хоча сказаць? — перапытала Марта.

— Як відаць, то ня вельмі вы зьбіраліся нас спатыкаць; а можа зусім і не чакалі?..

— Што гэта, што? Чаму, сват, так гавора? Што магло трапіцца гэткае? І калі гэта? — Мікола, га Мікола? — абярнулася Марта да мужа: — што ты сабе дазволіў нагаварыць?

— Ды нічога, нічога! Сват пажартаваць хоча, — сьцешыў жонку Мікола.

— Вы для нас, сваце, — ізноў перайшла Марта к Хлёру: — вы для нас — самы даражэйшы госьць, якога мы калі мелі шчасьце страчаць. Мы цалюсенькі тыдзень, больш ні аб чым і ня думалі, апроч як аб вас… мы вас чакалі. Што ты ўшалопаў сабе, Хлёр. Ось калі, ось калі, які ты дзіўны!

Хлёр і ня думаў сердзіцца, а цяпер, калі яшчэ Марта так перад ім разьехалася, да таго павесялеў, што ня мог нацешыцца.

«А я ўмею, як справу паставіць!» задаволена падумаў Хлёр; а праз хвіліну запытаў:

— А Зося-ж то дзе?