Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/136

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Пры гэтых словах госьці паглядзелі на Марту, потым пераглянуліся між сабою.

— Ня дурыся! Не перашкодзь людзям.

Мікола ня стаў далей нічога казаць і хутка выбег у сенцы. Зосі ён ня прыкмеціў у пацёмку. Падыйшоўшы к хвасе з жытам, ён выняў гарэлку і хутка павярнуў у хату.

— Што-ж! Для мілых гасьцей… — праказаў Мікола, стукнуўшы поўнаю пляшкаю аб стол.

— Справы, справы! — падхапілі ўсе агулам.

І бяседа шырылася. На ўсіх найшла нейкая асаблівая, вясёласьць. Хлёр, Янка, Васіль, як Мікола і раптам пераіначаная Марта, нават і Тэкля, — усе наперабой гутарылі, сьмяяліся і жартавалі, запіваючы ўсё гэта гарэлкаю і закусваючы сырам, каўбасою і булкамі. Аб Зосі, здавалася, і забыліся! Здавалася прышлі толькі з тым, каб папіць, пазакусваць.

— Што-ж, суседзе Міколе! — заводзіў голасна Хлёр, трымаючы ў руцэ кілішак, калі ўжо сьцямнела і ў хаце Прыдатных зажухацела лямпа. — Што-ж! Трэба сёньні прысьці да ладу, няйначай. З хаты ня выйдзем… Мне так мой нябог вялеў!

Хлёр палопаў Васіля па плячу.

— А што-ж! Можа, думаеш, сусед, мне не пара яго жаніць? О, ня думай! Самы раз… А табе ізноў!

Ён прыстукнуў кулаком па стале. Усе паглядзелі на Хлёра.

— Я-ж кажу, суседзе, што табе таксама пара дачку выдаваць. Хваліцца я ня люблю і ніколі не хваліўся, заўсёды кажу адну праўду: а то праўда, што нашы дзеці, бач твая Зося і мой нябог Васіль, як лепш ня трэба, адно да другога падходзяць. Маладыя, здаровыя, прыгожыя абое! А знатнасьці таксама не пазычаць. Гэта зусім ня тое, што які там Самусь ці Габрусь, а ўсё-ткі Бераг, або Прыдатны. Ці-ж ня праўду мо’ я кажу! Га, Мікола? Я ведаю, што тут гаманы мала можа быць. Кожнаму відаць усё, як на далоні… А калі відно кожнаму, то табе, суседзе, я думаю, яшчэ больш і ляпей, як другому… Вось, я-ж цябе і запытаю цяпер: згодзен, ці не, ты аддаць сваю дачку за Васіля? Адкажы мне праўду і зразу-ж адкажы, прашу я.

Мікола, разявіўшы рот, з тлустаю ўхмылкаю на твары, выслухаў Хлёра і адказаў:

— Вунь! Чаму-ж не! Вельмі-вельмі рад я гэтаму, даражэнькі суседзе! Дужа рад! Твой Васіль ужо даўно ў нас з Мартаю на