Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/135

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Янкавых ды Васілёвых узрокаў, пашла сьледам за мацераю.

— Зоська! Та чаго-ж ты капрызішся? — зачыніўшы за сабою дзьверы, запытала Марта.

— Ды вот так! Вы самі павінны гэта ведаць! — коратка і злосна адказала Зося.

— Дык, знача, ты хочаш сораму нарабіць? — пытала далей незадаволеная Марта.

— К чорту я іх пасылаю! — голасна, што мо’ зачулі і ў хаце, адказала Зося.

— Ша-ша-а! А то яшчэ пачуюць! — стрымала Марта дачку, паднесшы к яе вуснам далонь, а потым злосна вырачылася:

— Чаму не патрэбны? А каго-ж ты будзеш чакаць? Мо’ гэтага галадранца? Глядзі, адно, глядзі… Нешта ты вельмі сьмелаю стала: ня спытала мусі-быць доўга бацькавай пугі!? Гэй, дачушка!

Зося разгорнілася і заплакала.

— Ну, дык добра, добра! кідайце мяне жывою ў яму!

Зося закрыла вочы рукамі і кінулася тварам у халаднаватую падушку.

Марта не паспагадала дачцы, а яшчэ болей раззлавала на яе: у злосьці, як у агні, уся чырвоная, з пенаю на губах, яна прабегла некалькі раз па сенцах, выскачыла на хвіліну ў двор, вярнулася і, бачачы, што Зося ўсё яшчэ стаіць утуліўшыся ў падушкі, падбегла к ёй і сіберна тузнула яе за рукі.

— У хату ідзі, я табе прыказваю! Ідзі ў хату, ведзьміна атродзьдзе!

— А вось не пайду, не пайду! І што вы мне зробіце! — агрызнулася Зося ды зноў уткнулася ў падушку.

— Ну, глядзі-ж, нябога! Каб гэта табе омегам ня вылезла, — паківала Марта пальцам у бок Зосі і пакінула яе адну.

Пакуль Марта з дачкою валэндаліся ў сенцах, у хаце Мікола прыняў на сябе ролю гаспадыні і пасьпеў рассадзіць гасьцей за стол, падаць ім гарэлкі і прыгатаванае Мартаю закускі.

— Не адказвайцеся, вы-ж у нас рэдкія госьці! — запрасіў Мікола і аглянуўся на дзьверы.

Якраз з сяней увайшла Марта. Яе выгляд кінуўся ў вочы Міколу.

— Што гэта з табою? — запытаў ён.

— А нічога! Не клапаціся! — супакоіла мужа Марта.

— Не, ты скажы, скажы! — не адставаў той.