Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/134

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Мікалай, угледзіўшы іх, порстка замятусіўся, і пачаў шукаць вачыма Марты.

— Тэкля, дзе маці? — шэптам запытаў ён дачку.

— У сенцах, — адказала тая і выбегла.

— Зоська, прыхарашыся! — абярнуўся ён да Зосі, якая знэрвованай стаяла на адным мейсцы, пад вешалам, ашаломленая тым, што вакол яе рабілася.

А, тым часам, госьці набліжаліся да сяней. Марта, нібы швайцар, ёмка на расхлест адчыніла дзьверы і, стаўшы наўпрост, гасьцінна захісталася перад гасьцямі.

— Добры вечар, дарагія мае! Ці не заблудзілі толькі, родненькія? — разьлілася яна і папрасіла ўвайсьці ў хату.

Госьці паціснуліся з Мартаю за рукі, а Васіль, здаецца, і пацалаваўся.

— О, суседухна! Нас выпадак прыслаў за вялікім дарам да вас, — пераступіўшы парог у хату, весела вымавіў Хлёр.

— Не за дарам прышлі, а малойца прывялі вам у дар! — паправіў яго Янка, вітаючыся з Міколам.

— Ці за дарам прышлі, ці дар прынясьлі, — мы вам дужа рады! — адказаў Мікола, нізка схінуўшыся, і папрасіўшы сватоў сесьці.

Для Зосі-ж іх прыход быў настолькі няпрыемным, што яна ўся разгубілася: ня ведала, што гаварыць, ці мо’ зусім не гаварыць; нават Янку і Васілю, каторыя першыя загаварылі з ёю, яна адказала змоўкам. Яна як абярнулася пры ўваходзе гасьцей у хату тварам к дзьвярам, так і стаяла, ня хочучы парушыцца з мейсца. Хлёр з Янкам, — паказаліся ёй тымі — махлярамі, якія кожную восень прыходзілі к яе бацьку і да другіх мяшчан купляць коні і таргаваліся да ачамернасьці, а потым ішлі на барышы: піць гарэлку.

— Зоська, га, Зоська! ты прыадзенься хаця крыху; такіта-ж госьці прышлі к нам! — шапнула дачцы Марта.

— Адкасьнецеся вы са сваімі гасьцямі! — злосна адказала Зося, адвярнулася к акну, і ўзорылася на вуліцу.

Марта зазлавала даччыному адказу і моцна ўстрывожылася: «Гм, гм! І чаго яна капрызіцца? Вось, на яе цураха, якая-ж такі яна ўпартая! Гэта-ж трэба, яшчэ няпрыемнасьці нарабіць!» прабегла ў яе галаве, і Марта ізноў падыйшла да Зосі ды ўжо ласкава папрасіла яе выйсьці на слова ў сенцы. Зося маўчліва адвярнулася з вакна, зьняла з вешала хустку і ў справоджаньні