Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/129

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ды я думаў, таксама, толькі, куды ісьці. Пагода няважная, на вуліцы гразка, а на места — лянуюся, прызнацца; к суседзям-жа ня маю хэнці.

— Ну, а заўтра, дзядзька, думае рабіць што, ці яшчэ сьвята? — запытаў Рыгор.

— Ды яно, як-бы табе сказаць… ні то сьвята, ні то будні… пэўней, што сьвята. Градавая серада, з даўных сьвяткуем, чаму-ж і цяпер не сьвяткаваць… Папробую, пашлю Вольку ў Паплавы, хай назьбірае там воз-другі каменьня; а болей — нічога. Коням авёс пакуль-што ёсьць — няхай жуюць на здароўе, — паведаў Ярмалай і зацягнуўся: з губ выляцела доўгая стужка густога дыму, які цэлаю хмараю разаслаўся пад стольлю.

— Я таксама думаю гуляць.

— Вядома, ды і ўсе будуць сьвяткаваць.

Пакуль Сёмка гутарыў з Ярмалаем, Рыгор спакойна, нібы баючыся, ці саромяючыся падыйшоў к сталу і ўкрадкі, няпрыкметна пазіраючы на Юстыну, якая тое і рабіла, што толькі ківала галавою, пераносячы вочы з Сёмкі на Рыгора, а з Рыгора на Сёмку, прысеў разам з Волькаю, насупроць Гэлі, якая стаяла абапёршыся рукою на стол.

— Вось яны там няхай аб сваіх справах балакаюць, вядома, як гаспадары, а тут мы, давай, аб свае, — абярнулася Волька к Рыгору.

— Вядома. На свае справы і мы будзем гаспадарамі, — адказаў Рыгор.

— Ну, дык я пачынаю: як вы хаця заблудзілі сюды?

— Я і сам ня прыдумаю. Гэта, бач, усё Сёмка састроіў: стрэў мяне на вуліцы і так прыстаў, што я мусіў паслухаць — ісьці за ім. Такім манерам і прышлі.

— Ну, Сёмка на гэта мэт, — ціха праказала Волька і азірнулася на мацеру.

— І дзякуй яму, — праказала Гэля, пачуўшы аб чым Волька кажа.

— Гэта на шкоду ня пойдзе, — умяшаўся і Рыгор.

І прагавораныя ім словы расьмяшылі абедзьвюх дзяўчат. Найболей сьмяялася Волька, хоць не адставала ад яе і Гэля. Рыгор глядзеў на іх і таксама ўхмыляўся.

Юстына стаяла ў тыльным акне і раз-по-разу кідала ўзрокам на вуліцу.