Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/128

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

За хатаю ішлі сенцы, потым камора, а далей некалькі хлявоў для двух коняй і трох кароў. З самага-ж краю быў прыбудованы невялічкі сметнічак, на гоны ад якога, у канцы пляцу, стаяў новы пекны сьвіронак. Адным словам, будоўля Сьвістуна ні на чуткі ня розьнілася ад будоўляў усіх Сілцоўскіх гаспадароў-сераднякоў.

Ідучы да Сывістуноў трэ’ было мінуць хату Прыдатных, і вось, калі Сёмка з Рыгорам параўняліся з ёю, дык абодва наіскось паглядзелі ў яе вокны; але ні той, ні другі нічога там ня ўбачылі і маўчліва направіліся к Вольцы.

Нечаканы іх прыход зьдзівіў Вольку, а таксама і зарадаваў: яна вясёла адскочыла ад акна і апавясьціла Гэлю, якая ужо гадзін са дзьве гуляла ў яе: за Гэляю яна сказала і бацьком.

— Ну, дык што-ж. Міласьці просім! — праказала Юстына, пачуўшы бразг дзьвярмі.

Яна сядзела ў запечку ў чорным кабаце, бяз хусткі і ў брудным палапленым фартусе.

— Хаця хату ім адчыню, — дабавіла яна і, як белка, рухава і рэзва, зьнялася з мейсца і падбегла к дзьвярам.

Ярмалай-жа, як ляжаў на палку, палажыўшы абутыя ў боты ногі на прымурак, так і не паварухнуўся. На ём была апранута старая пярэсьценькая камізэлька, з-пад каторай выходзіў вялікі каўнер белае, старасьвецкае кашулі; на галаве доўгія валасы яго былі змазаны салам, бо добра зіхацелі, і прычэсаны акуратненькім прадзельцам. Твар Ярмалая паходзіў на твар біблейскіх людзей: мерны, зарошчаны шырокімі бакамі і доўгаю барадою; сінія, мяккія вочы, буйны, прадаўгаваты нос. У губах ён трымаў люльку і бяссьціханьня цмокаў ёю. Ляжаў незварушана, нібы толькі на палавіну жывы, быццам упіўшыся тутунным хмелем.

Калі Сёмка з Рыгорам увайшлі ў хату і ў хаце падняўся гоман, сьмех і жарты, тады і Ярмалай час-ад-часу даваў аб сабе знаць, што ён ня сьпіць, а ўсё чуе і бачыць; а знак аб сабе ён даваў тым, што пасьмейваўся і калі-нікалі ўтыкаў у гутарку свае словы.

— А я думаў, што дзядзька ўжо сабраўся спаць, — пасьля некаторага змоўку, праказаў Сёмка, падыйшоўшы к Ярмалаю.

— А што-ж, браток, мая справа такоўская: сьвята — спачывай, будні — працуй. Была пара, вандзігаў і я так, ого-о!

— А чаму-б ня выйсьці куды пагуляць?