Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/130

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— А бачце, бачце! — раптам загукала Юстына, перабіваючы і гутарку Ярмалая з Сёмкам, і сьмех Рыгора з дзяўчатамі: — ці ня ў сваты толькі, вунь, ідзе Васіль Бераг з сваім дзядзькам і з Янкам Грыбам.

Усе змоўклі і хто як сядзеў ці стаяў, разам пакідалі свае мейсцы і разьбегліся к вокнам. Рыгор, Гэля і Волька згрудзіліся ў вулічным покутным акне, Юстына-ж з дзяцьмі і Сёмка ўлезьлі ў тыльнае. Нават падняўся на палку і Ярмалай і, хоць ня зьлез з яго, але стараўся ўгледзіць у верхнія шыбы, стаўшы на каленках.

А ў гэты час Хлёр, Васіль і Янка ўжо былі якраз ля Прыдатных і Янка, ідучы з правага боку, першы захіліў у двор. Іх праводзілі вачыма чуць ня з кожнае хаты, між якую яны праходзілі, а таксама і стрэчна ішоўшыя па вуліцы жанкі і мужчыны.

— Вось і на нашай вуліцы будзе вясельле. Гатоўся, Ганна! — казала адна кабета другой, сустрэўшыся і спыніўшыся якраз перад вокнамі Ярмалаявай хаты.

— Мне, як мне, — адказвала другая, — а табе то напэўная бясёда склеіцца.

— А глядзі, які дасьціпны гэты Хлёрык, — цягнула далей гутарку першая, зусім не патураючы, што іх слухаюць каля дзесяці чалавек з акон тае хаты, ля якой яны стаяць: — гэта дык Хлёрык! Гэта дык ён! Гэта-ж, бач, ушчуў, што прыехаў Стэпін сын у госьці, дык барджэй напяроймы. І што-ж ты думаеш, Ганулька, гатоў адбіць Мікалаішку за свайго Васіля… А, мне здаецца, па праўдзе кажучы, гэты самы яго нябог, Васіль, — хоць ужо ён мне і прыходзіцца нейкім сваяком — і нагі ня варт Стэпінага сына: той, галубачка мая, хлопец толькі пацешыцца, ды палюбавацца ім, а гэта — салоха, нягэгляц… Будзь-бы на мяне, я-б ніколі сваей дачкі ня выдала-б за гэткага, як Бераг; ня гледячы, што ён багаты ды знатны…

— Пакінь казаць, дзіўная. Цяпер ня вельмі глядзяць на красу; грошы давай — вось у чым весь сэнс. Хоць крывое ды гарбатае, абы слаўнае ды багатае, ці то хлопец, ці дзяўчына, — разважала другая кабета.

Юстына зацікавілася іх перасудамі і гатова была сама адчыніць акно і памагчы ім, але гэтаму паперашкодзіў Сёмка, які раптам адвярнуўся ад акна, выйшаў на хату і з пагардай праказаў: