Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/127

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Вольчын бацька, як пачне табе баяць ўсякія байкі ды апавяданьні казаць, дык ты і вушы разьвесіш. А Юстына, брат, толькі сьмяецца, ды лісьлівенька ў вочы паглядае, быццам, мые цябе сваім узрокам… Слухай, пяройдзем, тады забачыш, што праўду кажу… Ты мо’ сумляваешся, што Сьвістуны… — угаварваў далей Сёмка Рыгора.

— Ня ведаю. Неяк ніякавата… Як падумаю аб бывалашнім, калі заўсёды Ярмалай сьцябаў мяне пугаю, злавіўшы ці ў гародзе, ці з канём, дык і цяпер валасы дыбам становяцца.

— Яшчэ чаго не ставала. Прыпамінаць уздумаў. Хіба і цяпер ты думаеш у гарод залезьці, а потым ужо ісьці ў хату… Ідзем, ідзем. — І Сёмка хапіў Рыгора за руку і сьцягнуў з парога, а сам усчыніў дзьверы.

— А ты зашчапі, або прысунь, — сказаў ён Рыгору, засьмяяўшыся.

Рыгор паслушна прасунуў руку ў вакенца, дастаў у сенцах закрутку і спусьціў яе з падчэпленае нітачкі, потым папрабаваў за клямку, стукнуўшы каленам у дзьверы, і, праканаўшыся, што яны туга запёрты, сыйшоў з ганачку. За ім усьлед саскочыў і Сёмка.

— Я-б, ведаеш, хацеў наладзіць хоць адзін сход вашай організацыі, калі яна яшчэ трымаецца, — падаў думку Рыгор.

— А гэта было-б ня дрэнна… Перад тваім прыездам мы рабілі маёўку у хвойніку. Было чалавек дваццаць нашае і яўрэйскае моладзі… Ты-б расказаў нам пра Рыгу што-кольвечы. Гэта трэба перадаць Пятрусю, ён зробіць.

— Я сам з ім пагавару на гэту тэму.

— І то рацыя…

— Пра ўсё парадзімся ў траіх. Добра? А цяпер ідзем да Сьвістуноў… — Ідэя!

Яны пашлі ўсьцяж вуліцы да Волькі Ярмалаішкі.

Хата Ярмалая Сьвістуна стаяла па тым самым баку вуліцы, што і Рыгорава, так мо’, прымерна, хат на восем далей, наўскасяк Прыдатных. У Ярмалаевым дварэ быў маленькі гародчык, у якім Юстына кожны год рабіла тры градкі і сеяла на іх шчаўе. Між плоту, у двух вуглах гародчыку, расьлі дзьве кудравыя ігрушкі-дзічкі, а па сярэдзіне некалькі штук вярбін; яшчэ ў ім былі кусты вяргінь і мяты. Хата мела ў сабе пяць вокан: тры на двор, а дзьве на вуліцу; усе гэтыя вокны былі пахварбаваны ў ружова-белую мулю і парэзаны рамкамі на пяць шыб.