Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/126

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Сёмка зраньня сядзеўшы і нудзіўшыся ў дому таксама задумаў перабегчы да Рыгора, каб у дваіх з ім аб сім, аб тым пагутарыць, а потым пайсьці дзе-небудзь гадзіну-другую пагуляць.

Стрэціўшыся якраз на парозе, яны абодва на момант замяліся: ніводзін ня ведаў, што сказаць. Але гэта зараз прайшло, і Сёмка першы, зарагатаўшы праказаў:

— Вось дык стрэча!

— Але. Я направіўся якраз да цябе.

— Ну?

— Сапраўды.

— А я таксама: давай, думаю, праведаю яго, можа, ці жыве ён… пасьля ўчарашняга дажджу. Здорава, усё-ткі, нахвастаў ён цябе ўчора.

Рыгор ухмыльнуўся.

— Можна было на гліну раскіснуць.

— Ня болей, як вас.

— Чаму ты так думаеш?

— Ды проста… Я бачыў, як вы сьцігалі вуліцаю…

— Ня можа быць?

— Сапраўды.

— А дзе-ж ты быў? — зьдзівіўся Сёмка.

— Ого! не скажу! — пацьвіліўся Рыгор.

— Чаму? Ня можна?

— Я вяртаўся дамоў і прыпыніўся крыху пад капяжом свае хаты, каб палюбавацца навальніцаю. Стаю і думаю: якаво гэта з імі. Нябось, дзе-кольвек і іх засьцігне дождж. Аж раптам чую твой голас. Перш думаў пазваць, а потым рашыў: «хай бягуць».

— А… Праўда… Апаласкаў крыху…

— Здаровы дождж, спаць было смачна.

— Ну? А я доўга ня мог заснуць. Што-ж мы стаімо так? — перамяніў гутарку Рыгор: — мо’ ў хату войдзем? — запрапанаваў ён, усю пору стоячы аднэй нагою ў сенцах, а другой на ганку і трымаючыся рукою за клямку дзьвярэй.

— Па мойму — ня варта: я дасюль у хаце сядзеў, — не згаджаўся Сёмка: — ляпей пяройдзем да Волькі: там павінны быць Гэля, а мо’ і Пятрусь. Маеш ахвоту?

— Ці ёмка туды йсьці: мо’ бацькі ня ўзлюбяць, занятыя чым…

— Нічога, нічога; яе бацькі дужа добрыя і прыветныя людзі… яны любяць, калі хто прыходзіць к ім. Ярмалай, бач,