Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/125

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Тадося, але Янка сваім раптоўным прыходам, якога не падсьцярог нават і Васіль, паперашкодзіў гэтаму:

— Дзеньдобры ў хату! — на ўвесь голас прагукаў ён, каб зьвярнуць на сябе ўвагу.

— А, Яначка! Хадзі, братан, сюды, хадзі! — падскочыў к яму Васіль, абвіс на шыю і некалькі разоў засаб пацалаваў таварыша; потым узяў за руку і павёў к сталу.

З прыходам Янкі, Тадося, Хлёр і Васіль яшчэ больш павесялелі і маленькая перакуска, на якую звалі дзядзьку і швагра Хлёра Васіль з мацераю, разраслася і разбухла ў цэлую бяседу, якая зацяглася чуць не да вечара, толькі дзякуючы Янку, які піў мала і ведаў за чым прышоў, час-ад-часу даваў ведаць аб сватох.

А калі ўжо змрок пачаў прыкметна лезьці ў хату, то ён вылез з-за стала і запрапанаваў:

— Ужо час! Ці вы забылі аб сватох?

Янкавы словы мэрам абудзілі ўсіх.

— Але, але, трэ’ ісьці, — азваўся і Хлёр з-за стала, хутка адзеў шапку і прыгатовіўся.

— Васіль, будзь гатоў! — напомніў ён Васілю: — а ты вось, маці, благаславі Васіля! — абярнуўся Хлёр да Тадосі.

Янка ўхмыльнуўся.

— Нічога, і без благаслаўленьня дастукаемся свайго, — сказаў ён.

— Не, не, сынок, я благаслаўляю ўсіх, — настаяла Тадося.

І, ўстаўшы з мейсца, яна падыйшла да сына, перажагнала яго капу разоў, потым абярнулася з гэтым к Хлёру, затым к Янку.

Як Васіль, так і Хлёр з Янкам, пасьля бласлаўленьня, перш пацалаваліся з Тадосяй, потым перацалаваліся паміж сабою і выйшлі з хаты.

Тадося павяла іх у двор, зачыніла за сабою сенцы і стала на парозе ды ўмільна глядзела ўсьлед ім да тых пор, пакуль яны не зайшлі за горку і не схаваліся з вачэй.


II

КАЛІ РЫГОР ПАМЫЎСЯ, адзеўся, крыху перакусіў і выйшаў з хаты, каб пайсьці к Сёмку, то яму прышлося толькі прайсьці сенцы ды пераступіць аднэю нагою сёняшні парог.