Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/124

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— А, як скора прабег час! Здаецца толькі яшчэ была раніца.

— Час скора бяжыць.

— Вось мо’ перакусім чаго, Хлёр?.. Ды, бок, а жонка твая не загляне?

— На што яна! Жонка калі захоча, то і пасьля пасьпее… А есьці я яшчэ ня хачу.

— Дык я-ж дастараўся падмачыць яду, — падхапіў Васіль і, ня чакаючы адказу, хутка выбег у сенцы і прынёс кварту гарэлкі.

— Што ты, што ты! — замахаў аберуч Хлёр, калі ўгледзіў у руках Васіля чырвоную шапку бутэлькі. — Што-ж ты гэта ўздумаў, нябог? Спакушаць старога чалавека! — скорамоўкаю, разбаўленай сытым сьмехам, праказаў Хлёр, а ў самога, тымчасам, на губах сабралася сьлінка.

— Не-э, дзядзька, не-э! Гэта то ўжо трэба-а! — настойваў Васіль.

— Ах, на дзіва, на ліха мне! — перабіла Тадося: — толькі я нічагуткі не змагла згатовіць… Што-ж, няхай яечня за ўсё адказвае…

— Да і што вы прыдумалі? Хіба і сапраўды мяне за госьця лічыце? Вот табе і на: з сваяка ды ў госьця перавярнулі, — жартаваў Хлёр.

— Вось ты толькі, швагрусь, пакінь усякіў цэрэмоніі ды садзіся трактуйся, — папрасіла Тадося.

Хлёр быў заўсёды сьмелым у братавай хаце і нічуткі не сароміўся нікога і не цэрэмоніўся. Вось і на гэты раз ён не заставіў на сябе доўга чакаць і першым усеўся на покуці, як дома. Тадося-ж, ахопленая з галавы да ног пачуцьцём вясёласьці, прысела з краю стала.

— Налівай-жа, швагір! — папрасіла Тадося.

Швагір ня чакаў і хутка выпаўніў просьбу братавай.

Пачатак быў з лёгкай рукі: поўная чарка іх траіх абыйшла па некалькі разоў і зрабіла з імі цэлую перамену: усе яны сталі неймаверна вясёлымі, добрымі, гасьціннымі і гаманлівымі; кожны стараўся выказаць чымсь найбольш добрых сваіх вартасьцяй, якія знайшліся ад гарэлкі. Перш гаварылі так: адзін тлумачыў, а два слухалі, а калі заварушылася ў галаве, гамонка ўсіх зьмяшалася ў адну.

За гутаркаю пасыпаліся песьні; запявалам вызваўся Хлёр, завёўшы разухабістую вясельную песьню. Хацела яму памагчы