Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/123

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Прыдзе, сынку, яшчэ рана… Ці-ж варта злавацца…

— Не! Калі рабіць — дык рабіць… Пакуль зьбяромся…

— Пасьпеем, сынку, пасьпеем…

Пакуль яны так гаварылі, зусім цішком, няпрыкметна, Хлёр прайшоў двор і раптам апынуўся ў хаце.

— Дзень добры ў хату! Што за спрэчкі?!

Тадося кінула работу і павярнулася да Хлёра. А Васіль хутчэй-жа падаў дзядзьку зэдлік. Прысеўшы — Хлёр зьняў шапку і прыгладзіў валасы.

— Ну, што-ж, нябожа, не перадумаў? — весела запытаў ён Васіля.

— Да чаго перадумваць! Калі рашано, дык і падпісана, — адказаў Васіль.

— Ну, чуеш, Тадося!

— Чую, чую, Хлёрык! Як я шчасьліва! Мой ты братка! — натхнёна прамовіла яна.

Васіль маўчаў.

А Хлёр, важна седзячы, закаціўся бясклопатным, задаволеным сьмехам, ажно яго маленькія, кноразавы вочкі, упаўшыя глыбока ў тоўсты сыты твар, заплылі вільгацьцю сьлёз і брыты гладкі падбародак заварушыўся; а на шчоках заметна абмаляваліся роўныя круглыя ямачкі.

— Бач, рада, маці-ы… Ха, ха, ха!..

— Ох, Хлёрачка! Чаму-ж мне не радавацца! Я ўжо даўно чакала гэтага і думала — ня прыжду, ажно…

— Цяпер для мяне ўжо ніхто не судзьдзя! — перабіў мацеру Васіль: — калі ўжо рашыў, то і быць па сяму… Вось і з Янкам мы так ужо гаварылі ўчора… Праўда, ён павінен таксама прыйсьці. Янка хваліў за рашучасьць…

— Ну, ды і без Янкі мы справімся, — задаволена праказаў Хлёр.

— Э, дзядзька, не! Я з ім ўжо даўно ўгаварыўся… Гэта-ж мой самы блізшы таварыш…

— Так, так, — падмацавала Тадося.

— То пачакаем, добра, — згадзіўся Хлёр.

— А колькі часу цяпер? — запытала Тадося…

— Ды вось я пагляджу.

Хлёр выняў з кішэні камізэлькі тоўсты сярэбраны гадзіньнік, хвацка, прылоўчана адчыніў яго і, кінуўшы ўзрокам, праказаў:

— Ды ўжо дванаццатая пашла.