Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/122

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— А які? Паведай толькі мне, — зацікавілася маці.

Васіль доўга ня думаючы расказаў сон. Тадося пільна выслухала, павярцела галавою і заахкала. А калі Васіль запытаў мацеру:

— «А як табе здаецца, маці, што то азначаў гэты сон?»

Тадося ўверана і рашуча адказала:

— Усё трэба разумець наадварот, сыне.

— Наадварот? Няўжо праўда?

— А то думаў літаральна?

Васіля гэта тлумачэньне задаволіла і супакоіла, і ён праз мінуту пакінуў думаць аб гэтым; а, кінуўшы думаць пра сон, яму лягчэй зрабілася і на сэрцы: ня гледзячы на хмарны дзень, у вачу было ясна і весела. На зьмену цяжкіх думак, народжаных адваротным сном, у яго галаве заігралі зусім новыя, зусім другія думкі: думкі пра тое, што на сёнешні дзень выпадала зрабіць. Гэта бач, пра сваты.

Учора Васіль пабываў у дзядзькі Хлёра, многа і доўга гаварыў з ім аб гэтым. Хлёр прачытаў яму багатыя маралы, навучыўшы як і што трымацца з Прыдатнымі, чым опэраваць у гутарцы і што мець за козыры ў руках, калі справа будзе хіліцца ня ў іх бок.

Васіль гэта добра помніў і як на шылах чакаў к сабе гасьцей, не выходзячы нікуды з хаты.

Сьнедаць добра ня сьнедаў, бо спадзяваўся з гасьцямі не стаяць да пануквацца, а ў кампаньні есьці; вылезшы з-за стала на хату, ён пачаў памерна тупаць узад ды ўперад, час-ад-часу падыходзячы к аднаму, то к другому акну і пільна ўзіраючыся за гумно, ці ня ідзе хто да іх. Але, як час быў раньні, то, вядома, ніхто і ня мог прыйсьці; Васіль, не ўгледзеўшы нікога, нецярпліва адыходзіў ад акна…

Тадося не пакідала ўвіхацца з гаспадынскаю работаю: кончыла з печчу, упусьціла на двор кароў, падаіла іх і зачыніла ў хлеў. Пасьля прыбрала ў двары і сенцах. На гэта пайшло каля гадзіны і калі Тадося вярнулася ў хату, і застала Васіля ўсё яшчэ ў задуменным тупаньні, то яна ўзьдзівілася: што за клопат абуяў ім?

Цікавасьць заставіла Тадосю запытаць Васіля:

— Чаго ты, Васілька, так заклапочаны?

Васіль спыніўся тупаць і злосна праказаў:

— Калі бо’ дзядзька так доўга ня ідзе.