Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/120

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЧАСТКА ПЯТАЯ



I

САЛОДКІ, смачны і глыбокі быў сон Рыгора — не дарма-ж ён праспаў столькі даўгіх гадзін! Зусім не такім сном спаў гэту ноч Васіль. Хоць ён, стомлены і раззлаваны лёг многа пазьней Рыгора і мог спаць пад мерны шумок дажджу, ціха і спакойна, усё-ткі сон яго быў ня глыбокі і спаў ён ня так, як заўсёды, а несьціханна прачынаўся. Думкі адна за другою лезьлі яму ў голаў, шавяліліся ў ёй, як пчолы, і прасіліся на разгадку. То Зося, то Рыгор, то Рыгоравы таварышы, стаўшы за апошнія два дні яго люцейшымі ворагамі, так і мігаліся перад ім, і, што горш за ўсё, быццам чапалі яго рукамі: варочалі за бакі, адплюшчвалі вочы, затрымоўвалі прыход сну. Рабілася душна і млосна ад злосьці, і Васіль бяз ліку разоў варочаўся з боку на бок, то выцягваў ногі, то падкручваў іх, а руку падкладаў пад шчоку, або засоўваў за пазуху, за рашпіляную на ўсе гузікі кашулю. Коўдра рабілася несьцярпіма цяжкою, і ён памаленьку ссоўваў яе з галавы на плечы, з плеч на пояс, а з поясу на ногі. Але гэтым нічога не выйграваў, бо бясьсьціханная бліскавіца, бухаўшая на ўсім небе што хвілю, праз усе чатыры вакны мчалася ў хату, асьвечвала яе, як вялізарным ліхтаром, а страшэнны гром, здавалася, біў ля самых яго вушэй — праганяючы рэшткі сну.

Васіль злаваў і крывіўся і мусіў коўдру йзноў нацягваць на голаў, ухутвацца ў яе, як у сена, таіцца і сілаю ўшпільвацца за хвілінныя ўзывеі здрому. Але, толькі ён пачынаў сапці ды пахропваць, як раптам, няма ведама скуль, нападаў на яго нейкі дзікі сьверб, і ён адчаянна пачынаў чухаць то шыю, то паясьніцу, то цягліцы ног. Чухаў і ахаў, ахаў і праклінаў тую хвіліну, у якую лажыўся спаць. Праклінаў, але нічога не памагала…

Толькі а пятай гадзіне ночы, ці мо і таго пазьней, Васіль супешыўся крыху і задрамаў. Аднак сон быў нядобры: да апошней хвіліны, у якую ён прачнуўся (а гэта было а дзесятай гадзіне