Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/119

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Рыгор дзівіўся таму, што зараз яму малазразумелымі робяцца тыя пачуцьці, якія ўспыхвалі ў ім па дарозе да Сілцоў.

Праўда, тут, у Сілцох, ён мае матку, некалькі лепшых сваіх таварышоў: праўда, маладосьць зьвязаная з мястэчкам, пакінула ў ім шмат цікавых успамінаў, непазбытых эпізодаў… Але… гэта ўсё ў мінулым. Наперадзе праглядалі іншыя вокагляды… Наперадзе адчыняліся новыя прасторы. Можна было спадзявацца, што яны поўнасьцю затуляць усё дагэтуль перажытае ў Сілцох. А можа Рыгору хацелася ўсяго, каб тыя блізкія яму людзі, як Сёмка і Пятрусь ды іншыя, не асталіся ў недасяжным яму адгоне, каб іх можна было перабраць у горад, перакінуць у іншыя абставіны і ня даць змарнавацца ў асяродзьдзі местачковага спакою?.. Праўда, і ў Сілцох павінен быць штурхач, павінны быць людзі, праз якіх-бы будзілася соцыялістычная ідэя, зьбіраліся яе пасьлядоўцы… Ну, усё-ж у адносінах да Пятруся і Сёмкі, Рыгор прадпачытаў горад. Так гэтыя яго таварышы павінны будуць растацца з Сілцамі… А вось Зося!..

І калі ён успомніў Зосю, праведзены з ёю ў хвойніку час, то яму стала незразумелай Зосіна няволя ў густых сетках мяшчанскасьці, яе дробныя інтарэсы, засасанасьць багнаю забабонаў струхлелае шляхоцкае традыцыйнасьці. Між тым, з Зосі мог быць выпрацаваны дадатны тып гарадзкое дзяўчыны-работніцы. Толькі адна бяда — некаму над гэтым папрацаваць, а ў яго часу мала… Усё-ж ён не пакіне яе без свайго ўзьдзеяньня… Не!..

Рыгор пачаў умывацца…