Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

імкнуся ў сваіх думках туды, да цябе, на кнею свайго роднага мястэчка Сілцоў… Твой мілы мне і бязьмерна дарагі вобраз, неадходна лунае перада мною — а дзе я не павярнуся, а куды я ні азірнуся… Цэлымі днямі, карпеючы ў хвабрыцы і чуючы нясьціханы шум і грукат машын, я ўспамінаю, як ты, разам з другімі Сілкоўскімі дзяўчатамі езьдзіла на поле і з поля пасьля ворыва, ці баранаваньня, і заўсёды вясёлая, ды жыцёрадая, з гасьцінна адкрытымі вачыма, з лёгкім маладзістым ружам на сьвежым пекным твары… Каханая Зоська!»

Зося адхілілася ад лісту, глыбока і зацяжка ўздыхнула, ап’яненая наляцеўшымі з скульсьці радаснымі думкамі і настроямі, пачакала крыху ды падумала, і здаволеная лісьліваю, але і мілаю Рыгораваю (а ліст быў ад яе каханага Рыгора Нязвычнага) пахвальбою, зьлёгку ўсьміхнулася і ўзялася чытаць далей:

«Я гэтак прагну дамоў, так ірвуся на радзіму, жадаю пабываць у Сілцох, што проста ня ведаю, як дачакацца тэрміну калі… Ведаеш, бок, Зося, гэта-ж на чэрвень месяц я маю быць дома: мяне пускаюць на цэлых пяць тыдняў на пабыўку, у госьці, і я… я ўбачуся з табою, даражэнькая Зоська»…

Прачытаўшы гэта, Зося весела завярцела галавою, прыжмурыла вочы і ўчуткі, не стрымаўшыся, праказала: «Ах, як-жа было-б добра! Няўжо я ўсяго гэтага ня сьню? Ой, прыдзі ты скарэй той чэрвень месяц».

Гук яе слоў данёсься ў хату, дзе знаходзілася Тэкля. Дзяўчынка пачуўшы Зосіны словы, падбегла да дзьвярэй, ушчыніла іх крыху і запытала:

— Чаго хочаш, Зоська? Ты мяне клічаш?

— Нічога не хачу… і цябе ня клікала, — вырачылася Зося на сястрычку, не адварочваючыся ад лісту.

«… Так вось-жа», пісаў пад канец Рыгор, «чакай мяне напэўна, Зоська, на чэрвень месяц — я прыеду. А, тымчасам, бывай здарова і шчасьліва. Жадаю табе ўсяго найлепшага ў тваім жыцьці. Шчыра цябе вітаю і цалую. — Твой Рыгор».

Дачытаўшы да канца ліст, Зося вярнулася ізноў да пачатку, паглядзела на першыя словы, пачакала з хвілінку і прынялася паўторна чытаць, ужо выгаварваючы многія словы ўчуткі. Чытаючы яна запамятавала, што час быў позны, і жыцьцё на вуліцы пачало глухнуць; пра яду яна таксама забылася. Гэты ліст ад Рыгора, якога Зося чакала ўжо цэлы месяц, так зарадаваў