Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЧАСТКА ПЕРШАЯ



I

УЖО ЗУСІМ ВЕЧАРЭЛА, калі Зося прывяла з пашы каня… На вуліцы было цемнавата, але жыцьцё і ня думала заміраць: на прызбах там і сям сядзелі мужчыны і бабы, вядучы рэзвую гутарку, у якой часта прабіваўся вясёлы і бесклапотны сьмех, жарты і выгукі. Сярэдзінай вуліцы доўгім цугам пляліся з пашы худыя, дробныя і панурыя кароўкі; хутка мчаліся мізэрныя тонкія замораныя сьвіньні; зьбіўшыся гуртам і спалохана азіраючыся, падскакалі галабокія стрыжаныя гавечкі. Вуліца курэла ад пылу. Рык кароў, рохканьне сьвіней і мэканьне гавечак і тут-жа нясьціханы крык дзяцей, якія ня лепш, як гавечкі таўкліся на вуліцы, запыленыя і мурзатыя, ганяючыся адно за другім — усё гэта яскрава сьведчыла аб рэзвым, віруючым жыцьці ў закінутым у глуш мястэчку Сілцох.

Завёўшы каня на прыгумень, Зося барджэй забегла ў хату, каб перакусіць, вымерхаўшыся за дзень; і, вось, толькі яна пераступіла парог, як раптоўна з хаты на стрэчу ёй кінулася яе малодшая сястрычка, пілявая замурзаная Тэкля і, падаючы ёй ліст, пралепятала:

— Вось табе, Зоська, ліст прынёс паштальён, яшчэ з самага ранку. Я хаваю яго; нават і маме не паказала.

Зося, нічога ня кажучы, спрытна выхапіла ліст з рук сястрычкі і, забыўшыся нават пра яду, вярнулася назад у сенцы.

У сенцах яна скінула з сябе старую пашарпаную сьвітку, парудзелыя шкарбаны і зблеклую шаліноўку, узяла на століку газьніцу, якая заўсёды стаяла ў сенцах пад рукамі на ўсякі неспадзяваны выпадак, запаліла яе, і прысеўшы на услоне, далікатна і з нейкаю трывожлівай асьцярогаю абадрала з самога беражку руды, прымяты канавэрцік, дастала адтуль скрэмзаную гранатавым атрамэнтам паперачку і пачала чытаць.

«Даражэнькая, любая Зоська» — гэтак пачыналася пісацца ў лісьце — «кожны дзень… што я кажу… нават кожную гадзіну я