Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/13

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

яе, што апроч лісту ёй, здавалася, больш нічога ня трэба было на сьвеце…

— Ах! — раптам прагукала Зося: — а тая ачамера бадай ізноў скора прыпляцецца. Эх, як ён мне адвароцен, гэты Васіль, бач. Няма на яго ніякае пагібелі: не адчапіцца ды годзі. І чаго ён, немач яго ведае, ушалопаў сюды швэндацца, чаго? Ні сораму, ні брыдкасьці за сабою ня чуе…

Але Зося не пасьпела дасягнуць да канца свае рассуды, як чыйсьці гоман на дварэ, якраз ля дзьвярэй перабіў яе. Зосі паказалася, што то няйначай, як Васіль з яе бацькам гамоніць. Ня хочучы спаткацца з імі ў сенцах, яна хутчэй схапіла са стала ліст, згарнула яго ў некалькі столак і схавала за пазухай, сама-ж затушыла газьніцу і ўскочыла ў хату.

— Зоська, га, Зоська, вунь Васіль да цябе ідзе; пераадзенься хаця, — стрэла на парозе Зосю Тэкля.

— А табе якое дзела! Яшчэ, бок, што. Ня мела чаго рабіць. Шышка вельмі вялікая, Васіль, — недавольна адказала Зося і занырпаліла ў мыцяльніку, каб чаго знайсьці перакусіць.

— Тэкля, ці не аставілі мне чаго-небудзь зьесьці? — лісьліва абярнулася яна да сястрыцы.

— Пачакай крыху, пасьпееш, вымерхалася вельмі; вось увойдуць у хату мама і будзем разам вячэраць.

— А дзе-ж тая мама?

— На дварэ, вунь, зараз войдуць.

Не чакаючы, аднак, пакуль войдзе ў хату маці, Зося напала ў коўшыку на кусочак сала, адламала яшнага блінца і ўсмак пачала аплятаць.

Ня больш як праз пяць хвілін ў хату ўвайшлі: Зосін бацька, здаровы, чорны і смуглы, але яшчэ малажавы мужчына. З расчэсанымі на прадзел валасамі, ён быў адзеты ў чыстую крамную картовую жакетку, у гэткія-ж самыя порткі, выпушчаныя праз халявы элегантных, лякіровых ботаў, з густымі, як у гармоніку, складкамі, работы самага лепшага майстра у Сілцох — Самуся Пыця. Рэзвы з патайнаю хітрасьцю ды пранырлівасьцю, Мікола Прыдатны быў вядом на ўсю воласьць.

Усьлед за ім пераступіў парог Васіль Бераг, малады і моцны, але няхлюяваты, сутулы і косы, з лёгкім рабаценьнем на белым пляскатым твары, хлапец, сын Янкі Берага, аднаго з сілцоўскіх багацеяў, памёршага некалькі гадоў назад ад тыфу і пакінуўшага свайму адзінаму сыну багатую спадчыну. У канцы за імі вайшла