Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/116

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

якраз апынуліся над іх галовамі, то маланкі ажно сьляпілі вочы, а гром, здавалася, трос землю.

— Хаця-б не захапіў нас дождж, — праказала Зося, калі яны пасьпешна ішлі ўжо сваёю вуліцаю.

— Ды ўжо невялікая бяда, калі і пакропіць крыху: пяць крокаў зробіш і дома, — супакоіў Рыгор. — Мне далей, і то я не клапачуся, — дабавіў ён.

— А мо’ ішчэ дождж і ня пойдзе, — паглядзела Зося на неба.

— Не. Вось накрапляе.

— Ах, на яго ліха, сапсаваўся вечар…

— Шкадуеш?

— Чаму-ж не шкадаваць. Гэткіх вечароў ня многа трапляецца.

— Якіх?

— Наогул…

Зося сарамліва панікла ўзрокамі.

— Лета наперадзе.

— Думаеш…

— Чакай, чакай. Пастой! — хапіў яе за руку Рыгор: — вось пастойма крыху пад капяжом, можа прыціхне; а не — то двор сумееш перабегчы хоць і ў навальніцу…

Зося згадзілася, і яны падыйшлі пад капеж Прахоравай хаты, што стаяла побач Прыдатных, прытуліліся к вуглу між канцом лаўкі і сьцяною і на момант прыціхлі.

— Ну, дык дзе-ж мы такі заўтра ўбачымся? — дапэўніўся Рыгор, засланіўшы Зосю ад вуліцы сваёю постацьцю і палажыўшы ёй на плячо далонь рукі.

— А я і сапраўды ня ведаю, — сьціснуўшы плячыма, адказала Зося, гледзячы строма ў вочы Рыгору і прыкусваючы губы.

— А каб гэта ў Ліня?

— Можа і ўдасца. Або ты мяне так хочаш убачыць? — наводна запытала яна і задаволена ўсьміхнулася.

— О! яшчэ… — хацеў уверыць Рыгор, але ў гэты момант, як раз над Прахораваю хатаю мігнула зьвілістая асьляпіцельная стужка бліскавіцы, нібы нажом раскроіўшая неба на дзьве палавіны і азіяўшая сьцяну хаты, вокны, капеж страхі і Зосін твар. За бліскавіцаю грукнуў гром, мэрам, выстрал з дзесяткаў гармат, ўскалыхнуўшы зямлю.

— Уцякайма, хіба! — парадзіла Зося, намерваючыся бегчы.

— Пойдзем, пойдзем; толькі… — заўтра ў Ліня?