Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/117

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— У Ліня! Напэўна!

Зося спрытна саскочыла з лаўкі, хутка перабегла вуліну і схавалася ў дварэ за вешніцамі.

Рыгор астаўся адзін і прастаяў датуль, пакуль яна падбегла к дзьвярам, некалькі раз трывожна бразнула клямкаю, увайшла ў сенцы і заперла дзьверы…

Пасьля раптам сарваўся з мейсца і ў подбежкі накіраваў да хаты. Ідучы, ён абярнуўся назад і ўгледзіў, што за ім гоніцца доўгая палоса праменьняў з вокан Прыдатнага хаты.

Калі Рыгор параўняўся са сваёю хатаю, то ён угледзіў, што і яго маці ня сьпіць, а ціха сядзіць ля століка, штось шэпча губамі і кідае на вуліцу пуглівыя зіркі. Ён паціху завярнуў у двор, стаў пад капеж, прытуліўшыся к сьцяне, і пачаў цешыцца навальніцаю.

«Бадай, што іх дзе-колечы захапіў дождж», — падумаў ён пра Сёмку з Волькаю ды Пятруся з Гэляю.

І толькі падумаў, як — прымха! — зразу пачуў іх гоман, нёсшыся да вушэй з цемі вуліцы. Рыгор барджэй адышоў ад сьцяны, уперыўся вачыма ў гушчэрны змрок і адлічыў, як між яго швыдка прамігнула чатыры сылуэты. Ён сьпярша намерыўся аклікнуць, а потым перадумаў, засьмяяўся гэтаму і направіўся ў хату.

Маці паглядзела на яго і міла ўсьміхнулася.

Была дванаццатая гадзіна ночы…

На заўтра Рыгор прачнуўся а другой гадзіне дня: ён праспаў каля чатырнаццаці гадзін так смачна і так няпрыкметна, што праз усю ноч ні разу не прачнуўся, ні разу не перавярнуўся з боку на бок, і як лёг скурчыўшыся, падлажыўшы руку далоняю пад вуха, так і прачнуўся, лежучы на тым самым баку, толькі выцягнуўшы ногі.

У хаце было ціха. Маці ня было дома.

На дварэ стаяла пагода зусім няцікаўная: цёмныя хмары віселі над зямлёю і накрапваў рэдкі дробны дожджык, падліваючы ваду ў глыбокую, растоптаную каровамі гразь. Мокрыя расістыя ралкі бярозы поўзалі па шыбах вакна і вадзілі шырокія вадзяністыя плямы, з-за якіх сумнаму і без таго сьвятлу цяжэй рабілася пралезьці ў хату, маркотную і спакойную. З капяжоў спадалі рэдкія цяжкія кроплі, прыцягаючы паўз вокны доўгія белыя касьнікі.

Ад усяго гэтага Рыгору рабілася нудна і сумна.