Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/115

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Прашоўшы да рынку, павярнулі ў Яўрэйскі перавулак, каб выйсьці на Ракаўскую вуліцу. Але тут яны спыніліся і адназгодна перарашылі да Ліня ня ісьці, а разыйсьціся, хто куды.

— Ну, дык што-ж: давай мы, Волька, пойдзем з табой назад, — абярнуўся Сёмка к Вольцы, і яны хутка адлучыліся ад кампаніі.

У супроцьлежны бок пашоў Рыгор з Зосяй…

Ня мінула і паўгадзіны пасьля таго, як яны разыйшліся, раптоўна падуў сіберны вецер. Па вуліцах падняўся пыл, закруціліся віхры, жалобна загулі садовыя дзярэўцы. Цёмна-сіняе неба яшчэ болей пацямнела, і прыглядзіўшыся на яго заходні край, можна было ясна адлічыць тоўстую, пукатую граніцу — мяжу з хмар, на адзін бок якое мігалі крыху памутнеўшыя зоры, а па другую расьцілалася алавяна-гнядая, усюды роўная, прастора. Другога краю яе ня было нідзе відаць, бо ён заходзіў за лес, які цёмным, чуць выразным, шнурком адгароджваў зямлю, упіраючыся вярхамі ў неба, быццам-бы падтрымоўваючы яго, а камлямі, як кіпцямі ўшпіліўшыся ў землю. Як не сачыць было за хмараю, то нельга было прыкмеціць, ці яна стаяла на адным месцы, ці з кожным часам надыходзіла бліжэй і бліжэй. Праўда, пасьля кароткага перапынку, калі ня кідалі вочы на яе сваіх узрокаў, а потым раптам узіраліся, заметна было, што хмара стаяла бліжэй к зэніту, больш ахапляла пад сабой небнай сіні, зацьміўшы яскравыя зоры. Што момант узмацняўся гром і павялічвалася маланка.

Рыгор з Зосяю, трапіўшы на ўчарайшае мейсца, толькі што разгаварыліся аб пытаньнях Рыгоравага ад’езду, як зьненацкі подых ветра, прыляцеўшы з поля з дзікім гулам, прамчаўся між іх, потым перабег вуліцу, устраміўся ў платы і заліўся ў яго шчылінах напрытомнай, разгульнай музыкай. У дварох заскрыпелі вешніцы, пачуўся стук пахіленых платоў, сьвіст вырванай завіхранай уверсе саломы.

Ня кажучы адно другому ні слова, бы згаварыўшыся, Рыгор з Зосяю падняліся з мейсца і шпаркім ходам пашлі да дому.

Дарогаю то Рыгор, то Зося што хвілю заварочваліся назад, паднімалі кверху вочы і ўзіраліся на хмары, якія адышоўшы на многа ад лесу, сталі хутка імчацца па небе, быццам наганяючы каго, і тушылі адну зорку за другой.

Вецер крапчэў і крапчэў, папіхаючы іх у плечы і трэплючы крысамі Рыгоравай жакеткі, а Зосінай спадніцай. А калі хмары