Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/114

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ды я мала аб гэтым і дбаю, толькі… ка сну мяне хіліць, — праказаў Рыгор пасьля кароткага змоўку.

— Годзі табе! — наставаў Пятрусь.

— Што вы не згаворыцесе? — умяшаўся Сёмка.

— Нешта Рыгор наш зьнябыўся, — нібыта спаць закацеў, ці мо’ якія патайныя пляны задумаў…

— Няўжо?

— Ці-ж ты ня прыкмячаеш?

— Не, мне ні ўшманкі.

З Сёмкавага двара данёсься окліч:

— Сёмка, Сёмка! Ідзі вячэраць!

— Іду! — адклікнуўся ён.

— Па дамах, хлопцы! — абярнуўся Сёмка к Рыгору і Пятрусю і павярнуў у двор.

Пашлі і Пятрусь з Рыгорам.

На дварэ ўжо было цёмна: стаяла парная ноч.


VIII

НЕ ПАСЬПЕЎ ЯШЧЭ РЫГОР АПАМЯТАВАЦЦА, толькі знайшоўшы магчымасьць павячэраць ды перакінуцца двума-трыма словамі з мацераю, якая праз цэлы дзень не магла прычакацца яго ў хату, седзячы да самага цямна ў акне і не прапускаючы вачыма ніводнага чалавека, хто-б ішоў вуліцаю, каб не паўзірацца на яго і разгледзіць: ці ня Рыгор гэта па абмылцы абмінуў сваю хату, — не пасьпеў Рыгор апамятавацца, як ужо па яго забеглі Сёмка з Пятрусём і жывасілам выцяглі з хаты…

На дварэ, за вуглом, іх чакалі дзяўчаты, ціха прытаіўшыся і ўкрадкаю паглядаючы ў хату.

Трохі недавольны тым, што таварышы паперашкодзілі яму выпаўніць надуманы яшчэ ў лесе плян, — астацца, прышоўшы з лесу, дома, — Рыгор вышаўшы на двор, у момант перанастроіўся, калі ўгледзіў рэзвую вясёлую кампанію моладзі.

«А і сапраўды, што за цікавасьць лажыцца спаць так рана. Можна будзе выспацца і за раніцу. А тут такая пекная ноч прападзе задарма!» падумаў ён, пачуўшы Зосін голас…

Шэсьцярма ў кампаніі: Рыгор і Зося, Сёмка і Волька, Гэля і Пятрусь, яны са сьмехам і жартамі пашлі ўздоўж вуліцы, чуць не загарадзіўшы яе ўпоперак, як плотам.