Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/113

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Вядома, к Ліню, — у адзін голас праказалі Пятрусь, Гэля і Волька.

— А ты, Рыгор, нябось, таксама спаць ня ляжаш? — абярнуўся да Рыгора Сёмка.

— Яно-б не пашкодзіла і паспаць.

— Дык Зося-ж пойдзе таксама, — падхваціў Пятрусь і тут-жа абярнуўся да Зосі.

— Пойдзеш, Зося, да Ліня?

— Ня ведаю, мо’ і пайду, — адказала Зося.

Дзяўчаты адлучыліся і разьбегліся па хатах.

— Ну, дык пойдзеш? — перапытаў Пятрусь Рыгора, які раптоўна задумаўся і моўчкі стаяў на адным мейсцы.

— Што там спаць! Пакінь… Гэ-гэ-э! Дык ты задумаўся чаго? — зазірнуўшы Рыгору ў вочы, прапяяў Пятрусь. — Ці не па Зосі толькі журышся? Пакінь тужыць, таварышу. Ад гэтага не загінем. Ды, па-першае, думаецца, што Берагу ня так лёгка і хватнуць Зосю… А па-другое, — ці-ж яшчэ мала на сьвеце такіх Зось знойдзецца! Ой, ёй-ёй! Вось вернешся ў Рыгу да пакахаешся з гэткай паненкай, што Зося і не падходзь. Пакінь, кажу, тужыць… — і Пятрусь палопаў Рыгора па плячу, падмігнуў і засьмяяўся.

У Пятруся гэта ёмка атрымалася, як і заўсёды. Рэзвы і вясёлы, ён быў прыемным кампанам, паміж таго, што быў шчырым і адданым таварышом. Пятруся шанавала ўся іхняя кампанія, як разумнага, сьмелага і дападкога таварыша. Сын небагатага земляроба, ён змалку быў аддадзены бацькам у наймы за парабчука, пасьля ў вучні за каваля. Але кавальскае рамясло яму не спадабалася, і Пятрусь прабаўляўся і летам і зімою выпадковымі заработкамі, дапамагаючы гэтым у хаце. Пацёрты ў пераплётах жыцьцёвай нядолі, ён чулей за другіх успрыняў соцыялістычныя настроі і разам з Рыгорам увайшоў у Сілцоўскую організацыю соцыял-дэмократаў. І цікава тое, што будучы земляробам, ён не адчуваў у сябе жаднае прывязі да зямлі. Яго цягнула ў рабочае асяродзьдзе, у горад, куды ён мерыўся вось-вось адпраўляцца.

— Табе, як і Рыгору, толькі іці па гэтым шляху, — радзіў Сёмка, — паедзеш — ня згінеш са сваёю прыкідлівасьцю.

Гэтае думкі трымаўся і Рыгор, які любіў і шанаваў Пятруся, як ляпейшага таварыша і сябра. Пятрусёва кампанія выклікала ў Рыгора глыбокае здаваленьне.