Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/112

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— З Хвойніку, — ухмыльнуўся Рыгор: — а вы дзе таўкліся?

— О, браце, мы сёньня столькі нахадзіліся, што каб расказаць, то на цэлае апавяданьне хапіла-б, — распаляючы завіды павядаміла Гэля.

— Ну, ну, апаведайце нам хоць маласьць, — хапіўшы яе за руку, папрасіла Зося.

— Ого! Ні за што ня скажам, ні за што, нават і ня думайце, — падхваціў Пятрусь, падмігнуўшы Зосі.

— Чаму-ж гэта, ці то сакрэт ужо?

— А такі і сакрэт! — умяшалася і Волька.

— Да годзі ўжо пацьвільвацца!

— Та ша, ша. Слухай цяпер і дзівіся, усё раскажу.

Усе прыціхлі. Гэля бегла пачала расказваць:

— Вось толькі што я паабедала, як барджэй забегла к Вольцы і з ёю мы пашлі к Ліню… Прышлі гэта пад хату, заглянулі ў акно і бачым, што нікога няма дома: ня толькі Палуты, а нават і бацькоў. Мы гэта адтуль проста на могілкі… Прышлі, пахадзілі троха між помнікаў, пачыталі надпісы, потым нарвалі бэзу і назад у мястэчка… Вышлі гэта мы на рынак, аж бачым: едуць да шлюбу нейкія шляхты. Мы іх правялі да Меркі, дзе яны спыніліся… Пацікавіліся, што яны з сябе ўяўляюць і знайшлі, што маладая — даволі прыгожая, а малады — тае…

Гэля скрывілася.

— Ня гань толькі нашага брата, — пажартаваў Сёмка.

— Чаму? Праўды ня можна сказаць? — упікнула Волька.

— Якая-ж тут праўда: быццам я ня бачыў яго таксама.

— Ну, і як па твоему?

— Я лічу наадварот: маладая — дрэнь, а малады — цукерачка, — пажартаваў Сёмка.

Хлопцы голасна расьсьмяяліся.

— Ну, добра, — перабіў Рыгор: — а як-то вы сыйшліся ўсе?

— Ды ці-ж гэта ў горадзе. Вышаў хто на вуліцу, гукнуў і ўсе тут, — пралепятала Гэля, і хапіла за Зосіну руку вышэй локця, і заглянула ёй у самыя вочы, покатам расьсьмяяўшыся.

— Пакінь дзяцініцца. Цябе-ж на сур’ёз пытаюць, — занедаволілася Зося.

— Ша, ша, супакойся, — сьцішыла яе Гэля.

— Гэй, кіндар, — перабіў Сёмка, — трэба пайсьці вячэраць; як думаеце пасьля вячэры?