Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/107

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

гляд, і рашуча праказаў:

— Зося-а, Зоська! Чаму ты так кажаш? — Няўжо ты думаеш, што я пайду на ўсё. Я цябе дужа шкадую, каб не паважаць…

Зося, як ляжала, так раптам паднялася і раптам пасумнела, быццам спалохаўшыся за тую адкрытасьць, якую зьнянацку дапусьціла ў сваёй гутарцы з Рыгорам.

«Ой, што-ж ён падумае!» адрыгнулася ў ёй домастроеўская мораль дзедзіцкага асяродзьдзя.

Рыгор, каб ня даць здэтанавацца, адцягнуў яе ўвагу на іншае, запытаўшы:

— Пойдам, Зося?

«Ах, якая-ж я дурніца. Што-ж я зрабіла! Ён гатоў палічыць усё гэта за»…

Паўторна праняслося ў яе галаве некае сумненьне і замест простага адказу на запытаньне, яна перапытала:

— Ты мяне ня любіш, Рыгор?

— З чаго ты ўзяла? Што табе здалося? — супакоіў Рыгор, і пры гэтым усхапіўся на ногі, прабег некалькі раз узад і ўперад па прагалінцы потым апусьціўся на калені, заглянуў Зосі ў вочы і запытаў:

— Чаму ты так кажаш?

Зося не адказала.

Праз хвіліну дабавіў:

— Я цябе чым-небудзь пакрыўдзіў? — Даруй мне: я ня ведаў, што гэтым цябе пакрыўджу.

Зося маўчала. Моўчкі паднялася, паправіла растрэпленыя валасы, падвязала шаль і кранулася ісьці. Рыгор крыху пастаяў, потым нагнаў яе і ласкава запытаў:

— Да хаты, Зоська? — і, ня атрымаўшы адказу, ціхім крокам пашоў побач з ёю.


V

НА ДВАРЭ ЎЖО ВЕЧАРЭЛА. Асеўшае нізка сонца раскідала па абшары пачырванелыя, астываючыя праменьні, якія доўгімі яскравымі касьнікамі пралазілі між лясную гушчэр. У каронах дзярэў і ў кустох пачаў зьбірацца змрок, і зелень зрабілася смугла-зялёнаю. У паветры стала многа халадней і адчува-