Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/104

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

быць у горадзе… Мне думаецца, што я-б там зусім інакшаю стала-б…

— Ты не абмыляешся, Зося… І хто табе не дазваляе гэта зрабіць?

— Які ты Рыгор, цудны! Мэрам-бы тут мая добрая воля. Ты разважаеш, як мужчына і зусім ня ўлічаючы ўмоў майго сямейнага жыцьця… Эх!

Зося глыбока ўздыхнула і па яе сьвежым твары прабегла нездаваленьне.

— Ну, ёсьць-жа, Зося, і дзяўчата тваіх гадоў і твайго палажэньня, якія маглі кінуць вёску, парваць з сям’ёю і апынуцца ў горадзе. Вось у Рызе маецца фабрыка «Праваднік», дзе робяць галёшы, ты думаеш там адны мужчыны? Наадварот — там працуе сотні жанок і дзяўчат. І многія з іх пакінулі вёскі і мястэчкі… Тут усё залежыць ад цьвёрдага хаценьна і рашучасьці… Чалавек павінен умець змагацца за тое, што ён лічыць лепшым у жыцьці для сябе і для мас працоўных… Разумееш…

Зося не адказала зразу. Рыгоравы словы глыбока запалі ў яе нутро, робячы ў яе думках і поглядах сапраўдную рэволюцыю. Яшчэ на гэту тэму яна ні з кім ніколі ня гутарыла і гэта тэма была для яе адкравеньнем.

— А ведаеш, Рыгор, як-бы мне хацелася пабыць у вялікім горадзе, хоць крыху-б пажыць! Каб, здаецца, я была слабодна, каб нада мною ніхто не стаяў, я-б няйначай паехала з табою ў Рыгу.

— А што-ж табе перашкодзіць гэта зрабіць? — выпрабаваў лішні раз Рыгор Зосіну цьвёрдасьць:

— Што? Эх, эх! Ну, і чаму ты так судзіш?

— Чаму?

— Ласьне табе няведама, што на-да мною вісіць бацькава воля…

— Гэта я добра ведаю, — адказаў Рыгор. — Але пачакай: а калі яны, твае бацькі, то ты іх ня дзіця? Ты служкаю ім павінна быць, з якое толькі карысьць выцягаюць? Дык, вось, калі яны твае бацькі, то павінны цябе і любіць; а калі яны цябе любяць — то чаму-ж ім ня ўняць тваёй просьбе, ня даць табе волі? Толькі захаці, скажы, што табе гэта і гэта павінна быць даступна і — канец. Хто-ж мусе папярэчыць? Памойму так.