Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/95

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Сьцёпка паслухна схіліў галоўку, закапыліў губкі і, усадзіўшы ў рот пальчык, ціхутка стаў каля стала, спадлоб’я пазіраючы на мацеру.

— То дайце мне хлеба лустачку на вуліцу, — асьмеліўся ён вымавіць, спусьціўшы з паўгадзіны.

— Хлеба! хлеба! Розак табе, а ня хлеба! Яшчэ што ўшалопаеш! Хлеб на вуліцу цягаць! Расьцяглі ўжо ўвесь. Цягаеш два тыдні, а ў хату ніхто ня прыцягне. Няма ў мяне хлеба. Вось вернецца бацька — у яго папросіш.

Сьцёпка скрывіўся і заплакаў. Перш зацягнуў ён уголас, а пасля, скмеціўшы злосны пагляд мацеры, прыцішыў голас; з яго вачэй кідаліся на стол буйныя празрыстыя сьлёзы, якія хлопчык часта пераймаў каравым рукавом кашулі. Луцэя ані не зважала гэтага і задуменна пазірала ў вакно. Але няўвага мацеры крыўдзіла Сьцёпку, і ён хутка зноў падняў голас. Луцэя не сьцярпела, адхілілася ад вакна й закрычала на сынка:

— Ну, а гэта што? Чаго хліпіш? Пугі, нябось, захацеў! Сьціхні, кажу табе! Маўчы!

Луцэя прытупнула нагою і паківала пальцам. Яна нават намерылася падыйсьці да Сьцёпкі, каб рукамі спыніць яго плач, але стук у дзьверы яе перапыніў. Луцэя адвярнулася да дзьвярэй.

— Мамачка, га, мамачка, дай мне хлеба! Усе дзеткі на вуліцы ядуць хлеб і мне хочацца, — убегшы ў хату, пралепятала Стэпка.

— Ах на іх усяліхое! — вылаялася Луцэя. — Якраз тады на іх прорва напала, калі нічога няма.

Не зважаючы на воражнасьць з боку мацеры, дзяўчынка яшчэ раз пераказала просьбу і пачала чакаць ад мацеры хлеба.

— Атруты вам, на вас проглая, а ня хлеба! — яшчэ зычней вырачылася на дзяўчынку Луцэя.

Абураная гэтым, Стэпка сагнулася ў кручок і перабегла да стала ды прытулілася да братка.