Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/94

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Як не, дык, памойму, пайшоў-бы да яго і пазычыў-бы якіх рублёў з пяць. Мне здаецца, што табе ўсё роўна прыдзецца вярнуцца на работу да яго, так ці сяк. А з Мэндалем… хопіць і таго разу: успомні, як ачамярэў ён нам тады… Слухай, Анупрэй, сапраўды, пайдзі лепш да Лейбы і… вось хай толькі зьмеркне крыху. Надоечы дык ён сам, спаткаўшыся, напрошваўся ў мяне: «Хай прыдзе, кажа, Анупрэй да мяне, і я яму грошай дам, а то мо’ ў вас іх няма». Пайдзі да Лейбы, пайдзі. Паслухай мяне.

Анупрэй пастаяў крыху моўчкі, пасьля адказаў.

— Падумаю, ведаеш… Вельмі-ж ніякавата будзе, як таварышы праведаюць аб гэтым.

— Чаго ніякавата? У першых, хто-ж дазнаецца, калі ты ціха зробіш, а другое, калі й даведаюцца — то што? Няўжо-ж з голаду ўміраць? Нябось, ніхто не прынясе з сваіх, каб падтрымаць… Нечага баяцца.

— Можна будзе ўзяць рублёў два з камітэту… Я думаю, што ёсьць там крыху грошай…

— Ёсьць-ёсьць… Дык чаму-ж дасюль не дагадаўся ўзяць? Сарамяжы вельмі. Вось глядзі, каб і камітэт раней цябе не абабралі.

Анупрэй нічога не адказаў і моўчкі вышаў з хаты.


II

Праз колькі хвілін, пасьля выхаду Анупрэя, у хату ўбег Сьцёпка, — старэйшы хлопчык Анупрэя й Луцэі, гадкоў васьмі-дзевяці, блядзенькі, замораны, запэцканы ў гразь і ў парваным адзеньні.

— Мама, — зьвярнуўся ён да Луцэі, — куды-ж то наш татка пайшоў? Дазволь мне за ім пайсьці, дазволь, мамачка?

Луцэя ў злосьці агрызнулася на сынка:

— Чаго табе за бацькам? Я табе пакажу, распусьнік! Сядзі вось у хаце.