Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/96

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Чаму-ж вось Янку маці дала хлеба, а вы мне шкадуеце, — папракнуў Сьцёпка мацеру.

— Мне хлеба мамка ніколі не шкадуе, — пахваліўся Янка.

— Твая маці багатая, у вас хлеба процьма, — спыніла яго Луцэя і, каб адвязацца ад дзяцей, дадала:

— Ідзеце, вось, гуляйце! Чаго вы таўчэцеся ў хаце ў пагоду? Марш вон!

Янка, сьмяючыся, выбег з хаты, моцна бразнуўшы дзьвярыма. Сьцёпка з Стэпкаю асталіся. Луцэя вылаялася на дзяцей і зноў адвярнулася ў вакно.

Але стаяць спакойна не магла. Праз хвіліну яна вылезла з вакна, прайшла колькі разоў па хаце, пасьля прысела каля стала й пачала ўголас думаць: «Не, усё-ж крыку мала! Крыкам ды лаянкаю дзяцей не накорміш. І так цяжка глядзець на іх: сухія, блядыя, мізэрныя. Паглядзець на чужых, дык як пурэчачкі, ружовыя. А гэта — заморышы… А ўсё-ж ад таго, што вось гэткія сцэны. На добры лад, то гэта-б трэ’ было ім і малака, і мяса, і яшчэ сякіх-такіх лагод, але — адкуль узяць? Зарабляў вось рублёў па чатыры ў тыдзень, то ці-ж магло старчыць іх на ўсё-ўсенькае для чатырох душ сям’і? Свайго-ж ні каліва, ні кастрычынкі няма… Усё-ж пражывалася сяк-так, працягалася со-дня-на-дзень. І мо’-б цягнулася так далей, каб яно аднакава роўна йшло, а то — час-ад-часу, глядзіш, і перабой, і перабой: то няма работы, то захварэе, то яшчэ якая-кольвечы прымха. А плаціць — ніхто ня плаціць. Хай-жа бы ўлічаў гэта — дык не. Баставаць! Добра вельмі, што ня трэба рабіць… Чалавек не заглядае ўперад, ня рупіцца… Каб меў жаласьць да сям’і, не пільнаваўся-б так шчыра ўсякіх там пастаноў. Добра таму гэта рабіць, хто мае з чым і як вывернуцца, або хто вольны, не зьвязаны сям’ёю… Ох, бяда, бяда! Цяжка мне жыць!..»

Ад натужных думак Луцэя стамілася і, бязвольна апусьціўшыся на стол, задрамала.

Дзеці цішком панырпалілі ў мыцельніку й пад прыпечкам, пакруціліся каля стала й бяз нічога выйшлі на вуліцу.