Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/93

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Анупрэй некалькі разоў паглядзеў на жонку і за кожным разам усё бліжэй адчуваў на сабе яе перажываньні. Нарэшце ня вытрываў і пачаў казаць.

— Слухай, Луцэя, усё-ткі ты не гаруй так. Я пастараюся трохі грошы — мне Мэндаль Крупнік абяцаў пазычыць рублёў пяць. Ліха яго бяры — аддамо калі-кольвечы… Але-ж ты сама павінна ведаць, што пратрымацца да канца трэба. Пратрымаемся дружна — то выйграем, а выйграем — дык я буду зарабляць у тыдзень сем рублёў. Падумай толькі — чуць ня ў два разы болей, ніж цяпер… Усё зможам спагнаць за адзін месяц… Трэба дацярпець… Бачыш, я-ж не адзін такі: Пранук, Лейзар — таксама ня ў лепшых умовах.

Луцэя падняла голаў і паглядзела на мужа. Перад ёю праміргнула яскраваю палоскаю надзея; зьмякла сэрца і сьвяжысты подых прайшоў яе нутром.

— А ці хутка ты возьмеш у Мэндаля гэтыя пяць рублёў? — запытала яна мужа.

— Пэўна сёньня вечарам… а мо’ заўтра, — адказаў Анупрэй.

Луцэя яшчэ больш прасьвятлела.

— Я таму, Анупрэйка, пытаю, што на заўтра ў хаце ні капейкі не засталося; хлеба купіць незашта.

Анупрэй, як тупаў, так зразу і спыніўся сярод хаты: дагэтуль ён неяк ня верыў, што ў хаце дайшло да ніткі, а думаў, што Луцэя папераджае яго заўчасна, каб не дапусьціць да крайняга, пакуль цягнецца сяк-так.

— І хлеба, кажаш, няма? — спалохана прамовіў ён.

— Ня хлушу, Анупрэйка.

Нічога ня кажучы, Анупрэй надзеў шапку, ускінуў напашкі жукету і павярнуў да дзрвярэй.

— Куды-ж ты? — спыніла яго Луцэя.

— Да Мэндаля пайду, — адказаў Анупрэй.

— Пастой! Я надумалася зрабіць вось што: ці ты з Лейбам не сварыўся, як пакідаў работу?

Анупрэй задумана памаўчаў.

— Не. Чаму?