Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/92

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Добра, еднасьць! Я-ж сваё кажу, ці магчыма табе з Мікалаем раўняцца? Сам, нябось, адчуваеш, што не. Вось, калі ўсе так налягаеце на еднасьць, дык хай-бы адзін другога й падтрымоўвалі. Дык гэтага штосьці ня відаць.

Анупрэй моўчкі адышоў ад вакна і прысеў на ўслоне. Спрачацца больш з жонкаю яму не хацелася, бо ён добра ведаў, што гэтым спрэчкам ня будзе канца да таго часу, пакуль ён нанова не пачне ўспорвацца з цёмнага і сьпяшыць, часта ня сьнедаўшы, у майстэрню. Пераканаць-жа жонку ў патрэбнасьці агулам, усім разам, падтрымліваць забастоўку, каб выйграць яе і палепшыць умовы працы — Анупрэй ня мог: ён ведаў, што гэта пытаньне разьбіваецца аб іх сямейнае становішча.

Анупрэй бачыў, што гутарка жонкі ня блазная баўтаўня, што яе рыхтуюць тыя цяжкія ўмовы, у якія ўпіхнула яго й яго сям’ю двухтыднёвая забастоўка. Штораз, хоць і злаваўшыя Анупрэя, размовы жонкі рабіліся больш балючымі і бліжэй краталі яго бацькава і гаспадарова сэрца.

Вось, прысеўшы на ўслоне, Анупрэй міжвольна паддаўся роздуму над сваім становішчам: «Праўда, яно-та мне зусім цяжка пераносіць гэту забастоўку. Дужа цяжка. І я ведаю, што гэты цяжар гняце і Луцэю. Але-ж што зрабіць? Нельга-ж ісьці супроць усіх — нічога ня выйдзе, трэ’ як-кольвечы канца чакаць»… Анупрэй кінуў вачыма на жонку: «А які яшчэ канец будзе, таксама пытаньне? Можа прабастуем яшчэ тыдзень-другі ці больш і нічога ня выйграем, а болей бяды наклічам. Ці раз ужо так траплялася; баставалі-баставалі — а пасьля на старых умовах назад да работы… Чаго добрага і цяпер можа так быць… Вось тады будзе-э!..

Анупрэй падняўся з услону і пачаў тупаць па хаце.

Луцэя ўвесь час сядзела мэрам прыбітая да лаўкі і нязьмігутна сачыла паглядам у вадну кропку на вулічнай сьцяне. Спакойлівы выгляд яе твару, відаць было, стрымоўваў выраз глыбокага болю ў яе сэрцы.