Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/90

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ды ўстанеш ты сёньня, ці мо’ ўжо да вечара будзеш тухнуць? — папракнула ўголас Луцэя.

— Ну, чаго ты прыстала да мяне сёньнека? — ня выцерпеў нарэшце Анупрэй, паднімаючыся з падушкі. — Чаго цябе ліха здрочыць, чаго? Кожны дзень гаўкае бязупынку. Не падабаецца, што я гуляю? Хацела-б, каб нясьціханна працаваў — ведаю! Не, галубка, патвойму ня будзе…

Луцэя ажно збляднела ад злосьці: ёй нямерна стала крыўдна на мужа за яго агрызаньне на яе справядлівыя словы.

Вось ужо хутка два тыдні міне, як у іх хаце цягнуцца спрэчкі і сваркі. Два тыдні, як у хаце згінуў сямейны лад і спакой. А хто і што таму віною? Луцэя колькі разоў запэўняла мужа, што яна ня злуе на яго і ня вініць яго за ўдзел у забастоўцы; яна запэўняла Анупрэя, што ёй вядома ўсё, як і што павінна весьціся змаганьне з гаспадарамі за паляпшэньне становішча працаўнікоў. Яна добра ведала, што будзе шмат лепш і ёй тады, калі разам з другімі яе Анупрэй будзе менш працаваць, а больш зарабляць. Ведала ўсё гэта Луцэя і памятала, толькі ўжо занадта цяжка складалася іх жыцьцё; недастаткі ў хаце, якія прышлі з забастоўкаю, саматугам застаўлялі яе забываць усё і абурвацца на Анупрэя з упікамі і са злосьцю. Калі муж працаваў — стачалі канцы з канцамі і жылі, а цяпер — так туга! Луцэі думалася, што мужу самому заўважна хатняе становішча, але ён бяз моцы, каб памагчы, тады яна спусьціла тон і пачала разважаць спакойлівей.

— Анупрэйка, ну ты сам толькі, здароў, падумай, як-жа мы будзем жыць далей? Запасаў-жа ў нас ніякіх няма, ты сам добра ведаеш — не назьбіралі — ня з нашых заработкаў іх зьбіраць. А есьці, нябось, штодня трэба. Ні Стэпка, ні Сьцёпка ня пытаюць, ёсьцека яда ці не, а ім давай. Чыя-ж галава баліць — толькі мая, бо найперш яны кідаюцца да мяне: «Мама, дай хлеба, мама, дай к хлебу!» Дзе хочаш бяры, а адказаць — не адкажаш дзецям. Дый самі духам сьвятым не пражывом. А цэлых-жа два тыдні ні капейкі ў