Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/80

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

БЯГУНЕЦ

I

Была цёмная-цёмная ноч, хоць вока выкалі. І ціхая пры гэтым. Неба нясьціхана сьлязілася ні то драбнюсенькім дожджыкам, ні то буйнаю вільгацьцю. Было пранозавата-халодна, нібы вецер калоў іголкамі. Выбітыя сотнямі ног сьцяжынкі праз збожжа і між лесу, гладкія і цьвёрдыя нядаўна, зрабіліся гразкімі і сьлізкімі. Мокрае вецьце дрэў і густая зелень травы ды збожжа, нахіліўшыся над сьцяжынкамі, зьлівалі ваду.

Франусь Доўбня, здаравенны, высокага росту чырвонаармеец, адзеты ня блага, у чорны, яшчэ мала пацёрты шынэль, порткі бразэнтавыя з галіфом і цэлыя рыжыя чаравікі, пасьпешна йшоў з лесу між густога, ужо красуючага жыта. Раз-по-разу ён азіраўся назад і ў бакі, хоць нельга было нічагуткі ўгледзець перад сабою, і ўсё прыгінаўся як найніжэй. Азіраючыся, ён спатыкаўся, трапляў у лужыны каля межаў, на межы і хрустаў зламанымі камлямі жыта. Некалькі разоў, яшчэ каля лесу, Франусь хлюпнуў у нейкую канаву, поўную вадою, і захапіў чаравікамі вады, якая, здавалася, ня мела сабе меры. Абы спатыкаўся, дык ногі выціскалі пырскі, якія ляцелі пад порткі й студзілі разгарачанае цела.

Франусь Доўбня злаваўся, ажно скрыгатаў зубамі, праклінаючы то чаравікі, то сьцежку, то жыта, то клунак, што раз-по-разу штоўхаў яго ў плечы, у бок, па руках.