Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/78

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

бліжэйшых кусьцікаў, дзе асьцярожна палажылі яго на зялёную мураўку.

— Ты пабудзь з ім, Сідар, а я пабягу к курганом, пазаву Андрэя; павінен быць з левага флангу, — сказаў адзін паўстанец да другога.

Сідар згодліва кіўнуў галавою, узяў на плячо вінтоўку і паціху затупаў каля Сымонкі; другі хутка, бягом кінуўся праз могілкі да курганоў. Сідар чуў, як ён, адбегшыся мо’ на гоні, гукнуў: Андрэ-эй! Андрэй! — і пахіліўся да хлопчыка, каб зазірнуць яму ў вочы.

Сымонка спакойна ляжаў, як-бы бяз дыху, паблядзеўшы, схудаўшы. Чырвоная, запечаная кроў малюнковым нарысам засушаных пацёкаў пярэсьціла радняныя замурзаныя порткі. Правая рука, зложаная ў жменю, як-бы ня пускала скатвацца на траву новым каплям крыві.

— Дарма хлапчук прапаў! — парашыў сам з сабою Сідар. — Каб карысьць якую зрабіў!? Бацьком гора набыў…

Ён адвярнуўся ўбок курганоў і пільна паглядзеў, зрабіўшы пальцамі казырок над вачыма.

— Ня відаць нікога! Дзе ён дзеўся? Пакінуў тут аднаго…

Сідар зрабіў некалькі крокаў узад і ўперад, адцягнуўшыся ў думках зусім на другія рэчы і выпусьціўшы з галавы Сымонку.

— Сідар, га, Сідар! — раптам перабіў яго раздум нейчы вокліч.

Сідар азірнуўся — то аклікаў яго таварыш.

— Няма, брат, і Андрэя! — матнуў той рукою з нейкім азлабленьнем: — ляжыць вунь пад курганом. Кінуўся, кажуць, пярэднім на польскі разьезд і адразу-ж атрымаў кулю. Толькі-толькі я пасьпеў дабегчы. Можа чуў, як стралялі?

— Ды ўвесь час страляюць… Вось скажы, што з малым рабіць?

— Давай панясем да бацькі! — парадзіў Сідар.

Пачапіўшы вінтоўкі цераз плечы, паўстанцы схіліліся над Сымонкам і асьцярожна ўзялі яго на рукі.

— А мо’ ён яшчэ не дайшоў?