Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/77

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Зусім недалечка, як-бы над самым яго вухам, раздаўся гулкі залп: аглушыў Сымонку, ажно зьбіў з ног. Хлапчук упаў, але раптам падняўся і кінуўся ўбок. Знаёмая прагалінка нібы вынікла з зямлі перад яго вачыма і нявызнанаю сілаю пацягнула Сымонку да сябе.

— Та-та-а! — выгукнуў ён, бягучы, і з радасьці разьняў рукі. Той-жа чалавек, якога ён бачыў здалі ў прагаліне, і які выдаваўся Сымонку за бацьку, глядзеў яму насустрэч, выставіўшы вінтоўку.

— Тата-а! — пераказаў выгук Сымонка, прабегшы яшчэ некалькі крокаў. І не пасьпеў адсапнуцца, як штосьці грукнула і адначасна моцна стукнула яму ў пах, паваліўшы яго ніцма на зялёную мураўку. У вушох зазьвінелі кусочкі раструсчанага шкла, а па ўсяму целу расплылася цяплыня і санлівая ўтома. У паясьніцы да таго моцна закалола, што Сымонка хапіўся рукою, думаючы, нібы яго хто рэжа. Вочы заплюшчыліся самі, і як ні тужыўся ён адчыніць іх — ня мог. У вушох стаяў працяжны бразг…


V

Праз нейкі час Сымонка пачуў над сабою чыйсьці голас, які пытаў:

— Хто ты, малы?

— Я… я Андрэяў…

— Чаго ты сюды папаў?

— Тут бацька мой…

Пяцера чалавек з вінтоўкамі — два паўстанцы з мястэчка Ступы, а тры чырвонаармейцы — стаялі над хлапчуком, які ад болю шоргаўся па зямлі, і з бацькаўскаю спагадаю суцяшалі яго. Але Сымонка ўжо ня чуў іх слоў — памяць пакідала яго.

Ня маючы адказу на свае словы, двое стаяўшых каля яго паўстанцаў паднялі Сымонку на рукі і пайшлі з ім да