Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/76

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Куды ты, пастралёнак? — перапынялі Сымонку чырвонаармейцы, хапаючы яго за руку: — там цябе застрэляць, варочайся.

Сымонка вырываўся і праныраў далей ды далей. Ужо каля рынку ён спыніўся. Страляніна падалася ўлева, за касьцелішча. Каб бегчы да яе, трэба было зьвярнуць з вуліцы, пакіраваць на гароды, а далей — у луг к могілкам. Сымонка задумаўся, памеркаваў і раптам мерзькануў у бліжэйшы двор. Не азірнуўся ні разу на чырвонаармейцаў.


IV

Праз некалькі хвілін ён ужо быў у лагу, у густой мяккай траве, на адгоне вёрст паўтары ад могілак.

Між кустоў і ўзгоркаў, дзе хаваліся крыжы, ня сьціхалі раздавацца то частыя, то аднаразовыя стрэлы. Паміж імі чуліся людзкія выгукі. Сымонку памарылася, што ў агульным голасе «гура» адмецен голас яго бацькі. Ён узорыўся ў адну прагаліну між нізкага густога куста арэшніку і стромага покату ўзгрудку. Прытуліўшыся шчыльна да зямлі, ляжаў там чалавек і мерыўся з стрэльбы наўскасяк. Палкае выабражэньне Сымонкі стварыла з чалавека яго бацьку: рудаватая шапка на галаве, кароткі чорны курцік — акурат. Хлапчук нязьмігутна ўзіраўся і ўсё паўней і выразьней адзначаў бацькавы рысы. Сэрца трапятала вострым жаданьнем хутчэй апынуцца каля яго, хаб хоць раз стрэліць у пана. Жаданьне гнала Сымонку ўбежкі. Адно мігцелі белыя ножкі ў высокай мятліцы, путаючыся ў дзяцельніку і сьвірэпе. Сагнуўшы ручкі на востры вугал і падняўшы іх роўна з плячыма, ён рытмічна, як на гімнастыцы, пасоўваў іх то ўзад, то ўперад. Часта сапучы, Сымонка ціха шаптаў адны й тыя словы: «хутчэй-бы дабегчы! хутчэй-бы дабегчы!»

Праз паўгадзіны ён ужо быў на грудку, за якім ляжалі могілкі. У вочкі кінуліся крыжы, жоўты пясок на могілках, бегатня людзей.

— Тата-а! тата, дзе ты? — гукнуў Сымонка.