Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/75

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Тата! Мама! Што гэта?

Але ў хаце нікога, апроч сястрыц, ня было. Тады Сымонка хутка начапіў на сябе порткі і кашульку і пабег з хаты. Выбег у двор і жахнуўся: была поўна вуліца войска. Ішлі, ехалі вярхом на конях і на вазох. А дзесь за местам, ля магілак, на адгоне двух-трох вярстоў ад іх хаты, ішла частая страляніна. Па мястэчку стаяў шолам, як у лесе, як у дні вялікіх кірмашоў. Усё гэта ўзьюшыла Сымонку, прыдало яму бадзёрасьці, імпэту, пацягнула з двара на вуліцу.

— Сымонка-а, куды-ы ты прэшся? — супыніла хлапчука маці, запрымеціўшы, куды той бяжыць, — ці ты ашалеў, ці якое ліха? Бачыш, страляніна гэткая, што не давядзі госпад…

— А дзе наш тата? — запытаў Сымонка ў мацеры.

— Тата? Не глядзі на тату… Ён пайшоў з цёмнага, дык і цяпер няма. Можа таксама дзе-кольвечы кулю атрымаў…

Пачуўшы гэта ад мацеры, Сымонка больш нічога не сказаў, а як уюн порстка шмыгануў з двара і захаваўся ў гушчы чырвонаармейцаў, падводаў.

— Куды-і ты, абармоціна-а! Сто-ой! — выгукнула ўсьлед Луцэя і кінулася к вешніцам, каб супыніць хлапчука. Але, выбегшы на вуліцу і акінуўшы ўзрокам шэрагі чырвонаармейцаў, якія неперарыўнаю чарадою выходзілі з аднаго канца вуліцы і накіроўвалі ў другі, яна ня ўгледзела Сымонкі. Маладзіца ажно садрыгнулася ад пярэпалаху, але ня ведала, што зрабіць, і ў нерашучасьці прастаяла хвілін з дзесяць на адным месцы, а пасьля вярнулася зноў у двор.

Сымонка-ж апукаю каціўся ўздоўж вуліцы к рынку. Яму вайшло ў голаў, што яго бацька павінен быць там, дзе адбываецца бойка з палякамі. Ён успомніў бацькавы словы, якія бліснулі яму чырвонымі іскрамі. Дзіцячае нутро, запаленае ад іх помстаю да паноў, да праціўных паноў, якія праз цэлы год так ліхамысна зьдзекваліся над яго бацькамі, сьвідравала Сымонку, пхала яго бегчы на тое месца, дзе чынілася ім адплата.