Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/69

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Хлопцы мігам паўзьнімаліся на ногі і бегма пусьціліся к прыстані. Калі яны апынуліся каля ўсходняў, паўторны гудок, зусім блізка, яшчэ больш нашарахаў іх: яны мігам узьляцелі на прыстань.

— Які то параход? — запыталі разам удваіх у напатканага багажніка. — Не на Кіеў?

— Ды не, не! То буксір ідзе з запалкамі. Можаце супакоіцца, — адказаў той.

Але хлопцы, не давяраючы, пасьпяшылі ў пасажырную, каб забраць рэчы і быць напагатове.

Убегшы ў каморку пасажырнай, яны засталі ў ёй замест пяцёх чалавек, толькі двух, якія мятусіліся ў цемнаце, зьбіраючыся бегчы к пасаднай.

— Ну, як? На Кіеў? — пытаў барадаты пасажыр Цімоха.

— Хто яго ведае. Кажуць, што з запалкамі буксір прышоў. Ня пусьцяць садзіцца, — адказаў Цімох, шукаючы рэчаў.

— Нічога, рубель капітану ў рукі — і можна ехаць за мілую душу.

Гэта абнадзеіла хлопцаў і яны пільней заварушыліся.

— Дзе-ж мае манаткі? — раптам запытаў Цімох.

— Вось тут… вось… запалі адну сьпічку… — абмацаўшы клункі і хочучы праверыць іх цэласьць, папрасіў Цімоха Ігнат.

Цімох незамарудна дастаў запалкі, засьвяціў агонь і падышоў да Ігната.

— Глядзі!

Ігнат трохі памаўчаў, адчуўшы нядобрае, пасьля зацяжным стрывожаным голасам праказаў:

— Жукеткі няма… Няма… Сьцягнулі… Эх, жулікі, абармоты!.. Гэта тыя, што былі тут… Няма… Гмм… Вось і дзела…

— Няўжо? хто такі? як? ці ня тыя толькі? Вы ня бачылі іх? — абярнуўся Цімох да барадатага пасажыра.